Рада БНР узнагародзіла медалямі беларускіх байцоў ва Украіне
Узнагарода Рады БНР / facebook.com/siarhiej.navumchyk
Рада БНР узнагародзіла медалямі беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну. Узнагароджанне прымеркавалі да Дня герояў, які адзначаецца сёння.
"Звяртаюся да вас сёння, каб прыпомніць усім нам нашых магчыма найбольшых герояў. Прыпомніць з вялізарнай удзячнасцю і сказаць ім, што яны дасюль жывуць у сэрцы кожнага беларуса і што мы верым, што з іхняй дапамогай мы адродзім нашую Бацькаўшчыну, не дазволім ворагам сцерці яе з паверхні Зямлі", — гаворыцца ў звароце старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
Медалём Ордэна Пагоні з дадатковай адзнакай вайсковых заслугаў узнагароджаны афіцэр, імя якога не разгалошваецца, і былы камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Павел Шамрэй. Тры байцы ўзнагароджаныя Медалём Ордэна Пагоні пасмяротна.
Таксама за асабістую адвагу ў баях супраць расійскіх агрэсараў ва Украіне адзін афіцэр узнагароджаны залатым медалём за баявыя заслугі першай ступені (залатым), а пяцёра байцоў — срэбранымі медалямі, два з іх —— пасмяротна.