Пракуратура пакарала за намер удзелу ў незарэгістраванай арганізацыі

21 чэрвеня раніцай супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным затрымалі каля сваіх дамоў і даставілі ў Мінскую гарадскую пракуратуру трох моладзевых актывістаў Яўгена Іванюка, Анастасію Шамарэй і Надзею Манцэвіч. Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна», усім ім былі вынесены афіцыйныя пракурорскія папярэджанні.

У дакументах гаворыцца, што «паводле інфармацыі, якой валодае пракуратура Мінскай вобласці, маладзёны маюць намер арганізаваць і прыняць удзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі «Заадзіночаньне беларускіх студэнтаў», у дачыненні да якой маецца рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі аб ліквідацыі аб’яднання, якое набыло моц.

Між тым, артыкул 193.1 КК РБ прадугледжвае крымінальную адказнасць за ажыццяўленне такой дзейнасці.

Праваабронцы адзначаюць, што паводле Закона аб пракуратуры, у яе работнікаў ёсць права папярэджваць пра недапушчальнасць падобнай дзейнасці.

У адваротным выпадку моладзь можа быць прыцягнутая да крымінальнай адказнасці.

Папярэджанні падпісаў намеснік пракурора Мінска старэйшы саветнік юстыцыі А. Стук.