Палачане збіраюць грошы на помнік лётчыку, які адвёў падаючы самалёт ад дамоў
Месца падзення самалёта, 2021 год / Інтэкс-прэс Баранавічы
У Полацку збіраюць грошы на помнік герою Беларусі лётчыку Мікіце Куканенку. Ён у 2021 годзе разам з напарнікам Андрэем Нічыпорчыкам адвёў падаючы самалёт ад жылых будынкаў пад Баранавічамі. Абодва лётчыкі загінулі.
Зборам займаюцца навучэнцы і педагогі Полацкага кадэцкага вучылішча, у якім вырас лётчык. Стэлу паставяць каля новага корпуса навучальнай установы на тэрыторыі Верхняга замка.
Лейтэнант Мікіта Куканенка і маёр Андрэй Нічыпорчык загінулі пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту на самалёце Як-130 больш за 2 гады таму. Экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць самалёта. Пілоты коштам уласных жыццяў адвялі самалёт ад жылых дамоў. Толькі пераканаўшыся, што траекторыя падзення знаходзіцца ўдалечыні ад іх, лётчыкі катапультаваліся. Абодва яны загінулі.