Пададзены калектыўны зварот з нагоды праекта закона аб НКА
Зварот падпісалі 110 арганізацый. Гэта самая маштабная акцыя лабіравання агульных інтарэсаў з боку беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасці.
9 сакавіка ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага схода і ў Савет міністраў перададзены калектыўны зварот па праекце Закона "Аб некамерцыйных арганізацыях". Зварот падпісалі 110 некамерцыйных арганізацыяў розных накірункаў дзейнасці, якія аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах больш за 270 тысяч членаў.
Калектыўны зварот быў ініцыяваны спецыялістамі Цэнтра прававой трансфрамацыі і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў на падставе меркаванняў некамерцыйных арганізацыяў, інтарэсы якіх закранае новы законапраект.
Ініцыятары зварота разлічваюць, што ў выпадку прыняцця закона, ў ім будзе ўлічаная заяўленая агульная пазыцыя. У далейшым для паўнавартаснага прыцягнення грамадскасці да працы па абмеркаванні і ўдасканаленні праекта закона аўтары зварота прапануюць арганізаваць адкрытыя для ўсіх зацікаўленых арганізацыяў мерапрыемствы па яго абмеркаванні, у тым ліку правесці перад першым чытаннем парламенцкія слуханні па праблеме прававога рэгулявання некамерцыйных арганізацыяў у Беларусі, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
З тэкстам калектыўнага зварота можна азнаёміцца на сайце Цэнтра прававой трансфармацыі.