Новы Жыллёвы кодэкс пачне працаваць не раней за 2012 год

Новы Жыллёвы кодэкс пачне дзейнічаць не раней за 2012 год. Паводле старшыні сталай камісіі па жыллёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі і прыватызацыі Палаты прадстаўнікоў Галіны Палянскай, праект гэтага кодэксу плануюць разгледзець у першым чытанні 24 лістапада. У другім чытанні яго прымуць не раней за вясну 2011 года, таму ён набудзе моц толькі ў 2012 годзе. А некаторыя нормы пачнуць дзейнічаць яшчэ пазней. У праекце новага Жыллёвага кодэксу ёсць шэраг дыскусійных пытанняў. Напрыклад, там прапісаны механізм высялення грамадзянаў з дзяржаўнага жытла і з прыватных кватэраў, калі гаспадары працяглы час не плацяць за камунальныя паслугі ці не вяртаюць банку крэдыты. Таксама там з’явілася норма, згодна з якой гаспадар кватэры можа ў любы момант выселіць былога члена сям’і нават без прадстаўлення яму новага жытла, паведамляе БелаПАН.