Наталля Радзіна: Мне забароненая публіцыстыка!
Рэдактарцы "Хартыі'97" забаранілі "выказваць ацэначныя меркаванні", але яна працягвае рабіць для сайта ўсё, што можа.
Затрыманая пасля падзеяў 19 снежня, рэдактарка сайта "Хартыя'97" Наталля Радзіна зараз знаходзіцца ў Кобрыне. У жывым эфіры Еўрарадыё яна распавяла пра жыццё пад падпіскай аб нявыездзе і працу пад забаронай выказваць ацэначныя меркаванні.
Еўрарадыё: Як вы пачуваецеся, ці часта да вас прыходзяць правяраць?
Наталля Радзіна: "Я знаходжуся тут фактычна 10 дзён, падпіска аб нявыездзе дзейнічае такім чынам, што я не магу з'ехаць з гораду. Я павінна быць увесь час на мабільнай сувязі, і мяне павінен наведваць участковы міліцыянт.
Паколькі ідзе толькі другі тыдзень, другога яго візіту яшчэ не было. Пра вынікі першага візіту вы напэўна ведаеце: мне нагадалі, што я не маю права пакідаць горад, а таксама забаранілі выказваць ацэначыня меркаванні, пакуль я з'яўляюся абвінавачанай у рамках крымінальнай справы аб падзеях 19 снежня".
Еўрарадыё: Ці замінае вам абмежаванне выезду з Кобрына выконваць абавязкі рэдактара "Хартыі'97"?
Радзіна: "Найбольш перашкаджае рэкамендацыя не выказваць ацэначных меркаванняў. Вы, як журналіст, можаце сабе ўявіць, што гэта досыць складана, бо забароненая ўвогуле публіцыстыка! Я выконваю функцыю рэдактара, нагадаю, што сайт зарэгістраваны за мяжой і на дадзены момант працуюць людзі за мяжы над сайтам "Хартыя'97", і я імкнуся рабіць усё, што магу, з Кобрына"
Еўрарадыё: Ці адчуваеце вы ў гэтай сітуацыі падтрымку сяброў, знаёмых?
Радзіна: "Безумоўна! Кожны дзень (на працягу гэтага перыяду, які я тут знаходжуся) да мяне прыходзяць сябры, калегі, неабыякавыя людзі, якія сочаць за маім лёсам. І падтрымка людзей насамрэч вялікая".
Фота: www.gazetaby.com