На выездзе з Мінска ў магілёўскім напрамку з'явяцца новыя могілкі

На выездзе з Мінска ў магілёўскім напрамку з'явяцца новыя могілкі

На выездзе з Мінска ў магілёўскім напрамку плануецца стварыць могілкі "Лясныя". Месца для іх абралі каля пасёлка Малы Трасцянец. Пра гэта паведаміў сёння дырэктар КУП "Спецыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўвання" Мікалай Ракевіч, перадае БЕЛТА.

На сёння, па яго словах, з 23 могілак цалкам дзейнічаюць толькі адны — "Заходнія". На іншых могілках пахаванні праводзяцца на раней вылучаных участках або ў існуючыя магілы. "Але і на "Заходніх" свабодныя плошчы заканчваюцца. Па нашых разліках, праз год-паўтара хаваць там стане няма дзе. У сувязі з прынятымі рашэннямі Мінгарвыканкама распачатая праца па стварэнні новага месца для пахаванняў — могілак "Лясныя". Цяпер завяршаюцца праектныя работы", — удакладніў Ракевіч.

Будаўніцтва новых могілак пачнецца ў 2019 годзе. Іх тэрыторыя зойме не менш за 80 га, што дасць магчымасць праводзіць пахаванні на працягу 15-20 гадоў. У складзе спецкамбіната функцыянуе і крэматорый. Па словах Ракевіча, У 2017 годзе 50% пахаванняў выкарыстоўвалі крэмацыю. 

Таксама дырэктар спецкамбіната паведаміў пра намер рэканструяваць Вайсковыя могілкі ў сталіцы. Інвентарызацыя Вайсковых могілак прайшла ў 2015 годзе. На іх было выяўлена амаль 3900 недагледжаных магілаў — гэта палова ўсіх пахаванняў. Агулам на мінскіх могілках інвентарызацыя выявіла больш за 27 тысяч закінутых магіл.