На Лукашэнку ва Украіне падалі ў суд за падтрымку расійскай агрэсіі

Ва Украіне падалі пазоў супраць Лукашэнкі і Пуціна, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Ва Украіне ў суд падалі пазоў супраць Аляксандра Лукашэнкі. Таксама адказчыкамі ў субсідыярным пазове значацца Расія, Уладзімір Пуцін, Беларусь, Іран і Паўночная Карэя. Грамадская арганізацыя "ДрукАрмія" патрабуе ад іх кампенсаваць маральную шкоду, нанесеную грамадзянам Украіны ў выніку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі, перадае Радыё Свабода.
У якасці трэціх асобаў аўтар пазову просіць далучыць Кабінет міністраў Украіны, урады ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая, ААН, Еўракамісію, а таксама амерыканскую тэхналагічную кампанію Alphabet Inc і ICANN — Карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі.
У пазове з Расіі, Беларусі, Ірана і Паўночнай Карэі патрабуюць выплаціць украінцам 1,9 дэцыльярда грыўняў (лічба ў 37 знакаў). Праўда, разлікі, на падставе якіх вызначаны такі памер кампенсацыі, у пазове не прыводзяцца.
Суд прапанаваў пазоўніку выправіць памылкі і даплаціць судовы збор. Ён залежыць ад памеру выстаўленай прэтэнзіі і складае 1,5 % ад агульнай сумы пазову або не менш за адзін памер пражытковага мінімуму і не больш за 350 памераў пражытковага мінімум для працаздольных людзей.
Грамадская арганізацыя "ДрукАрмія" ўзнікла на глебе аднайменнай грамадзянскай ініцыятывы. Яе ўдзельнікі ствараюць або друкуюць пры дапамозе 3D-прынтэра ўсё неабходнае для дронаў ды іншага ўзбраення ўкраінскага войска. Узначальвае грамадскую арганізацыю ўкраінскі юрыст Анатоль Тарасенка. Ён актыўна выступае за перадачу Украіне ўсіх расійскіх актываў, замарожаных у ЗША і Еўропе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.