На Дзень Волі апазіцыі прапанавалі сабрацца на Плошчы... Бангалор

18 сакавіка Мінгарвыканкам даў адказ апазіцыі, дзе ёй можна святкаваць Дзень Волі. Нагадаем, прадстаўнікі некалькіх палітычных рухаў падалі агульную заяву. Планавалася сабрацца на плошчы Якуба Коласа і прайсці да сквера імя Янкі Купалы, дзе мусіў адбыцца мітынг.

Але Мінгарвыканкам дазволіў сабрацца толькі на плошчы Бангалор, і памітынгаваць там.

“Прапанавана правесці мерапрыемства з 18 00 да 20 00 у парку Дружбы народаў. Вынік такі, што мы напішам пісьмовую адмову, што ў прапанаваным фармаце мы праводзіць мерапрыемства не будзем, даваць падставу, каб да тых лідараў, хто ў турме, дадалося яшчэ чалавек 10-15, мы не будзем”, — патлумачыў Еўрарадыё намеснік старшыні АГП Леў Марголін.

На думку Льва Марголіна, праводзіць сёння несанкцыянаваную акцыю небяспечна, такога ж меркавання прытрымліваецца Андрэй Дзмітрыеў. А акцыю на плошчы Якуба Коласа забаранілі ў тым ліку і праз надвор’е.

“Юрыдычна яны быццам бы не адмовілі, але фактычна адмовілі ў правядзенні свята. Больш за тое, яны не толькі змянілі маршрут, але і фармат. Як нам там сказалі, яны павінны ўлічваць усё, нават надвор’е”, — усміхаецца Андрэй Дзмітрыеў.

Афіцыйна ж праводзіць акцыю ў заяўленым фармаце адмовілі, бо гэта не адпавядае заканадаўству. У выпадку парушэння прыгразілі жорсткімі мерамі, кажа актывістка аргкамітэту па стварэнні БХД Ірына Губская.

Ірына Губская: “Нам сказалі, што ў выпадку парушэння закону, а гэта сказаў спадар Яўсееў (намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама), ён прыме самыя жорсткія меры”.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сцвярджае, што акцыя адбудзецца ў любым выпадку. Праўда, яе фармат будзе вырашаць аргкамітэт.

“Рашэнне будзем прымаць супольна на паседжанні ў панядзелак. У любым выпадку акцыя адбудзецца абавязкова”.

Ёсць нават варыянт правесці канцэрт з удзелам беларускіх музыкаў на Бангалоры. Але пераважае ўсё ж жаданне адмовіцца ад гэтай плошчы, кажа Янукевіч.

Невядома, ці будзе БХД прымаць удзел у вулічнай акцыі. Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі нават называе прапанову правесці мітынг на плошчы Бангалор правакацыяй.

Віталь Рымашэўскі: "Лічу, што гэты варыянт правакацыйны. Ці будуць хрысціянскія дэмакраты наогул прымаць удзел у вулічнай акцыі — мы прымем гэтае рашэнне пазней, бо тут трэба ўзважыць усе акалічнасці”.

Нагадаем, штогод на Дзень Волі апазіцыя традыцыйна ладзіць акцыю, прымеркаваную да абвяшчэння БНР у 1918 годзе.

Фота: photo.bymedia.net