Мінсувязі рыхтуецца абмяжоўваць інтэрнэт і адключаць тэлебачанне

Што рабіць маламаёмасным, калі ўсё тэлебачанне перавядуць на “лічбу”, і як будуць абмяжоўваць доступ карыстальнікаў да асобных сайтаў.

Як высвятлілася падчас прэс-канферэнцыі міністра, Беларусь не адмовілася ад ідэі запусціць у космас свой спадарожнік. Вось толькі праблема грошай не дазваляе гэтага зрабіць нашай гордай нацыі цалкам самастойна. Верагодна, што “заплаціць” за беларускую касмічную экспансію Кітай.

Мікалай Панцялей: “Фінансаванне першапачаткова разглядалася з удзелам адной расійскай кампаніі. Я не буду яе называць, бо камерцыйныя пытанні застаюцца, мы яшчэ вернемся да гэтай тэматыкі. Але ў дадзены час вядуцца перамовы з Кітаем, і цалкам верагодна, што Кітай будзе ўдзельнічаць у нашым праекце не толькі як пастаўшчык абсталявання, але і як інвестар у гэты праект”.

У той жа час міністр не выключаў таго, што да беларускага спадарожніка праявіць цікавасць якая-небудзь еўрапейская кампанія.

Паводле словаў міністра, планы Мінсувязі па тэрмінах адключэння аналагавага тэлебачання не змяняліся — адключаць яго цалкам у 2015 годзе. За гэтыя чатыры гады, лічыць Мікалай Панцялей, людзі здолеюць прыйсці да высновы, што лічбавае тэлебачанне лепш і трэба пераходзіць на яго.

Мікалай Панцялей: “Мы плануем да канца 2012 года 80 адсоткаў насельніцтва гэтай паслугай забяспечыць. Я мяркую, што там, дзе няма якасці, дзе няма надзейнага прыёма ў аналагавым рэжыме, насельніцтва будзе мець магчымасць параўнаць перавагі лічбавага тэлебачання перад аналагавым”.



Парадокс сітуацыі ў тым, што каб глядзець лічбавае тэлебачанне, неабходна мець адмысловае абсталяванне. Міністр упэўнены, што за чатыры гады людзі здольныя такое абсталяванне займець. Нават маламаёмасныя. Бо кошт гэтага абсталявання, на яго думку, “не такі ўжо і вялікі” — 200- 280 тысяч рублёў.

Мікалай Панцялей:
“Кошт прыставак не такі ўжо і вялікі, каб нам казаць, што ў нас ёсць катэгорыі сем’яў, якія не могуць набыць гэтае абсталяванне”.

Дзе-нідзе мясцовыя ўлады нават даюць магчымасць маламаёмасным набыць гэтыя прыстаўкі ў крэдыт.

Не абыйшлі ўвагай журналісты і ўдзел Мінсувязі ў рэалізацыі прэзідэнцкага ўказа “Аб мерах па ўдасканальванні нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт”. Як вядома, паводле ўказу, Аператыўна-аналітычнаму цэнтру Адміністрацыі прэзідэнта сумесна з Мінсувязі даручана вызначыць парадак абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да “інфармацыі, забароненай да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі”. Згодна са словамі міністра, такое “абмежаванне” будзе ўводзіцца Мінсувязі паводле “зваротаў грамадзян”.

Карэспандэнт Еўрарадыё папрасіў міністра патлумачыць, што азначае тэрмін “зварот грамадзян” і колькі подпісаў неабходна сабраць, каб той ці іншы сайт стаў недасягальным для карыстальнікаў.

Мікалай Панцялей: “Гэта азначае, што канкрэтны грамадзянін звяртаецца да свайго правайдэра, які прадастаўляе паслугі доступа да Інтэрнэту, і просіць, каб аператар прыняў меры да таго, каб з яго персанальнага камп’ютэра было немагчыма выйсці на нейкія канкрэтныя сайты. Але гэта не азначае ніякіх збораў подпісаў і ніякіх іншых грамадскіх дзеянняў”.

Але па жаданні гэта можна зрабіць на абсягу ўсёй краіны.

Мікалай Панцялей: “Прадугледжанае абмежаванне па ўсёй краіне, па ўсёй рэспубліцы для дзяржаўных органаў. Зразумела, гэта будзе рэалізавацца тэхнічнымі метадамі. А рашэнні будуць прымацца органамі дзяржкіравання: у чым абмяжоўваць супрацоўнікаў дзяржаўных органаў і арганізацый, якія ў працоўны час павінны выконваць свае абавязкі, займацца канкрэтнай дзейнасцю. А да пэўных інфармацыйных рэсурсаў у працоўны час ім не трэба”.

Што ж тычыцца наведвальнікаў звычайных інтэрнэт-клубаў, то, паводле словаў міністра, на ўваходзе ім давядзецца паказваць пашпарт — для ідэнтыфікацыі.

Вось толькі ўзнікае сумнеў у тым, што выключна дзеля гэтага трэба было выдаваць цэлы прэзідэнцкі ўказ. Абмежаваць доступ да асобных сайтаў паводле “просьбаў” грамадзян альбо дзяржустаноў не толькі можна ўжо сёння, але гэта ўжо і робіцца.

Фота: Змітра Лукашука