Мінскіх “зайцоў” будуць лавіць пры дапамозе спадарожніка

Такую сістэму кантролю аплаты праезду збіраюцца ўсталяваць на гарадскім наземным транспарце.
У наземным пасажырскім транспарце Мінска ў бліжэйшыя дні пачнецца эксплуатацыя аўтаматызаванай сістэмы дыспетчарскага кантролю і кіравання перавозкамі пасажыраў.

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Генадзь Вырко. Паводле яго слоў, цяпер даступныя новыя тэхнічныя сродкі, якія пры дапамозе спадарожнікавай навігацыі дазваляюць вызначаць месцазнаходжанне транспарту і колькасць пасажыраў.

Сучасныя сродкі таксама даюць магчымасць у рэжыме рэальнага часу кантраляваць і аплату праезду. Як адзначыў Вырко, часткай гэтай сістэмы з'яўляецца электронны кампосцер. Праязны квіток будзе ў выглядзе пластыкавай карткі. Сёння разглядаюцца два яе варыянты — кантактная і бескантактная.

Да канца жніўня пачнецца доследная эксплуатацыя элементаў гэтай сістэмы. Падчас тэставання плануецца адпрацаваць тэхнічныя рашэнні, каналы сувязі, праграмнае забеспячэнне. Плануецца, што новая аўтаматызаваная сістэма будзе ўкараняцца паэтапна і не створыць дадатковых цяжкасцяў для пасажыраў. Канчатковае рашэнне аб пераходзе на такую форму аплаты будзе прымаць урад краіны.

БЕЛТА