Мінскае "Дынама" ледзьве захавала нічыю ў матчы з брэсцкімі аднаклубнікамі

У нядзелю праходзяць матчы 21-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Мінскае і брэсцкае "Дынама" згулялі ўнічыю 2:2.
Мінчукі двойчы вялі ў ліку пасля трапных удараў Драгуна (на 35-й хвіліне) і Кісляка (на 63-й), але госці адказвалі галамі Цэвана (60-я) і Мазалеўскага (81-я). Брэсцкае "Дынама" магло перамагчы, але Васілюк на 88-й хвіліне не здолеў рэалізаваць пенальці.

Наваполацкі "Нафтан" разграміў гродзенскі "Нёман" — 4:1, магілёўскі "Дняпро" перамог жодзінскае "Тарпеда" — 3:1, "Віцебск" і бабруйская "Белшына" згулялі ўнічыю 0:0.

Нагадаем, учора БАТЭ перамог "Шахцёр" з лікам 2:0, а "Мінск" выйграў у "Партызана" — 4:1.

Матчы наступнага, 22-га тура, пройдуць 22 жніўня. У гэты дзень БАТЭ згуляе ў Брэсце з мясцовым "Дынама".