Манёнак: Пошукі шляхоў для венесуэльскай нафты – гэта паказуха

Беларусі няма розніцы, праз якія порты пастаўляць венесуэльскую нафту, бо ў маштабе агульных аб'ёмаў пераапрацоўкі гэта нішто. Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказала эканамічная аглядальніца газеты "Белорусы и рынок" Таццяна Манёнак. Беларуская нафтавая кампанія прапрацоўвае некалькі варыянтаў у жаданні знайсці больш аптымальны маршрут. Нагадаем, што пяты танкер з венесуэльскай нафтай прыйдзе ў Эстонію. Але на думку спн.Манёнак, гэты праект больш падобны на дэманстрацыю, чым рэальную спробу загрузкі беларускіх заводаў, якія наўрад ці атрымоўваюць ад гэтага вялікі прыбытак.

Манёнак: "У маштабе тых аб'ёмаў пераапрацоўкі можна меркаваць, што "Нафтан" перапрацуе каля 8 мільёнаў тон нафты за год. Колькі з яе будзе венесуэльскай - паглядзім да канца года. Але ж танкер прыйдзе невялікі, толькі 80 тысяч тон".

Маршрут з Венесуэлы праз прыбалтыйскія порты з пункту гледжання лагістыкі спн.Манёнак лічыць больш аптымальным. Але з улікам тых зніжак, якія дае ўкраінская чыгунка і аптымальных тарыфаў у адэскім порце транспартаванне праз Украіну больш выгаднае. Праўда, невядома, як на доўга такія ўмовы захаваюцца і ці атрымаецца дамовіцца на зніжкі з Эстоніяй, куды ідзе пяты танкер.

"Таксама цяжка пра нешта казаць і нешта аналізаваць, бо невядомы базавы кошт самой нафты", - кажа эксперт.