Мамы не дачакаюцца ад дэпутатаў 430 долараў з-за юрыдычных памылак?

З красавіка чыноўнікі абяцаюць, што хутка павысіцца сума за нараджэнне дзіцяці, а праект закону зноў і зноў вяртаюць на дапрацоўку. Гэта пытанне ўключана і ў восеньскую сесію парламента. Але гэта не значыць, што з Новага года маці будуць атрымліваць абяцаныя 430$. Еўрарадыё высветліла, чаму дэпутаты цягнуць з прыняццем закону амаль год, і аказалася, што ўся справа ў фармальных памылках.

Супрацоўнік камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі Палаты прадстаўнікоў Павел Аляксеенка гаворыць, што ўся загваздка ў саміх дэпутатах. Праект закону пастаянна выклікае ў іх пытанні, таму праходзіць шмат часу, каб выправіць нейкія хібы.

Павел Аляксеенка: Я не магу сказаць, што там шмат глабальных праблемаў. У асноўным, гэта тэхнічныя праблемы. Закон мяняўся толькі тэхнічна: дзесьці словы прыводзіліся ў парадак згодна з дзейным заканадаўствам, назвы органаў, па ўказе адміністрацыйных працэдураў выключаліся некаторыя палажэнні аб прадастаўленні дакументаў.

Цікава, што за ўвесь гэты час лічбы ні разу не змяняліся - якімі былі ў пачатку года, такімі і засталіся. Плануецца, што за нараджэнне першага дзіцяці жанчына будзе атрымліваць замест двух бюджэтаў пражытачнага мінімума - пяць (гэта 430 долараў), за нараджэнне другога дзіцяці і наступных – сем БПМ (603 долары). Павялічаць і памер штомесячнай дапамогі на 15%, сёння мамы атрымліваюць усяго 120 тысяч рублёў.

Дэпутаты асцерагаюцца абяцаць, што закон дакладна прымуць у снежні.

Павел Аляксеенка: Мы спадзяемся. Закон павінен уступіць у моц з 1 студзеня, але ёсць асцярогі, што гэтага не будзе. Зараз ён знаходзіцца ў Адміністрацыі, і мы яго чакаем. На днях яны павінны нам адпісацца, бо ў іх ёсць пярэчанні. Будзем яго дапрацоўваць.

Дэпутат не ўпэўнены да канца, што на сесіі ўхваляць закон. Нягледзячы на тое, што ён яго лічыць дапрацаваным.

Павел Аляксеенка: У прынцыпе, закон гатовы, але калі глядзець на асобныя моманты дзейнага заканадаўства, то любы закон можна рыхтаваць доўга. Складана сказаць, наколькі ён гатовы, але… Калі, напрыклад, разглядаць, што “РБ” не трэба ўсюды пісаць, тады гэта таксама можна аднесці да непадрыхтаванасці. Я яшчэ не бачыў заўваг Адміністрацыі. Можа, яны скажуць, што закон гатовы на 20%, а 80% - трэба дапрацаваць. А можа, скажуць, што толькі 5% трэба дапрацаваць.

Неабходны праект закону, які дапаможа мамам, недзе “завіс” у парламенце. А закон аб адмене льгот быў прыняты Палатай прадстаўнікоў яшчэ вясной адразу ж у двух чытаннях і дакладна пачне працаваць з сярэдзіны снежня.

Дасье Еўрарадыё

Штомесячная дапамога ў Беларусі складае 55 долараў, у Расіі – 25$, у Літве – 70% ад заробку (першы год) і 47$ ад 1 года да 3, а ў Латвіі – 70% ад заробку (калі жанчына працавала, калі не – 85 долараў), ва Украіне – 84$ (першы год) і 22 долары з году да трох.

Выплата грошай пры нараджэнні дзіцяці: Латвія і Украіна — 673$, Літва – 348$, Польшча – 322$, Расія – 284$, Беларусь – 147 долараў.