“Малочная вайна”: Расія забароніць імпарт 1400 відаў беларускай прадукцыі

Расспажыўнагляд мае намер забараніць пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расію яшчэ па 800 найменням у дадатак да раней забароненых 600 відаў прадукцыі. Пра гэта вечарам у панядзелак паведаміў галоўны дзяржаўны лекар Расіі Генадзь Анішчанка. “Як паказаў дадатковы аналіз, выкананне тэхрэгламента на малако і малочную прадукцыю, пераафармленне дакументаў на тэрыторыі Смаленскай і Бранскай вобласці праводзілася з відавочным парушэннем падобнага кшталту працэдур”, — сказаў Анішчанка.

Паводле яго слоў, у выніку 406 санітарна-эпідэміалагічных заключэнняў, выдадзеных альбо перааформленых для беларускай прадукцыі на Браншчыне, будуць адкліканыя. Такі ж лёс чакае 107 заявак на беларускую малочную прадукцыю, якія ўнесеныя расійскімі пастаўшчыкамі ў Бранскай вобласці.

Што да Смаленшчыны, то як адзначыў Анішчанка, “пастаўкі, якія здзяйсняюцца па 198 выдадзеных дазволах, будуць прыпыненыя", яшчэ 92 дакументы, якія знаходзяцца на разглядзе, “будуць адкліканыя”, паведамляе РИА Новости.