Купалаўскі будуць рэстаўраваць з дапамогай метрабудаўцаў
Паводле новага праекту рэстаўрацыі галоўнага тэатра краіны, дабудоўваць яго будуць не звонку, а пад зямлёй
Па плане, рэканструкцыя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прадугледжвае неабходнасць пашырэння яго плошчы. Але калі раней архітэктары спрачаліся за тое, як павінна выглядаць дабудова да тэатра — у сучасным стылі са шкла і бетону ці з захаваннем адзінага архітэктурнага стылю, то зараз вырашана ўвогуле ад прыбудоў адмовіцца.
Пра гэта Еўрарадыё расказала навуковы кіраўнік праекта рэканструкцыі Купалаўскага тэатра, начальнік архітэктурна-рэстаўрацыйнага аддзела прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя” Людміла Іванова.
Людміла Іванова: “Для таго, каб тэатру было з памяшканнямі нармальна, каб задаволіць іх патрэбы і ў складскіх памяшканнях, і ў іншых, мы ідзем на тры паверхі ўніз. Бо мы не можам залезці на гістарычную каштоўнасць, на сквер. І таму мы вымушаныя туліцца на гэтай маленькай пляцоўцы. Таму мы і сыходзім на тры паверхі ўніз і там робім усе неабходныя памяшканні. Па плошчы атрымліваецца даволі добра”.
Нагадаем, сур'ёзна пра рэканструкцыю Купалаўскага пачалі казаць летась. У сакавіку тагачасны генеральны дырэктар тэатра Мікалай Кірычэнка атрымаў рашэнне Навукова-метадычнай рады Міністэрства культуры. Гэтым рашэннем чыноўнікі фактычна зацвердзілі прапанаваны студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта праект пашырэння тэатра з дапамогай далучэння да будынка новай прыбудовы. Яе прапанавалі выканаць у сучасным стылі са шкла і бетону. Дабудова мусіла заняць частку сквера побач з тэатрам. Нават Мікалай Кірычэнка называў у той час гэты праект “архітэктурным кентаўрам”, які спалучыць азадак каня і галаву чалавека.


Катэгарычна супраць праекта студэнтаў выказалася і навуковы кіраўнік праекта рэканструкцыі Купалаўскага тэатра Людміла Іванова. Вынікам яе спрэчак у эфіры Еўрарадыё з кіраўніком кафедры горадабудаўніцтва Архітэктурнага факультэта БНТУ Армэнам Сардаравым, студэнты якога і прыдумалі “архітэктурнага кентаўра”, стала рэзалюцыя Мінкульта. Паводле яе, ніякіх дабудоваў у стылі мадэрн да галоўнага будынка тэатра імя Янкі Купалы не павінна быць. Тэатру вырашылі вярнуць той гістарычны выгляд, які яму надаў архітэктар Казлоўскі ў 1890 годзе. 
Паводле прызнання Людмілы Івановай, праект падземнага пашырэння Купалаўскага тэатра складаны, але вырашальны.
Людміла Іванова: “Цяжкі варыянт, па вытворчасці вельмі цяжкі, шмат трэба будзе мер розных прыняць дзеля таго, каб сысці ад вады. І па канструкцыі, каб трымаць грунт. Там шмат складаных канструкцыйных рашэнняў, але ўсё гэта рэальна зрабіць. Ужо распрацаваны праект”.
У дапамогу рэстаўратары будуць далучаць арганізацыі, якія спецыялізуюцца па падземных працах. Да прыкладу, метрабудаўцаў.
Еўрарадыё пацікавілася, наколькі праект “падземнай” рэканструкцыі будзе даражэй за праект “архітэктурнага кентаўра”. Але Людміла Іванова не здолела адказаць на гэтае пытанне.
Людміла Іванова: “А даражэй за што? За тое шкельца, якое прапаноўвалі? Яго ніхто не пралічваў. Таму зрабіць нейкі параўнальны аналіз, што даражэй, а што танней — гэтым ніхто не займаўся”.
Што тычыцца кошту праекта Людмілы Івановай, то ён, згодна са словамі кіраўніцы праекта, ужо складзены. Але называць яго яна адмовілася.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, рэканструкцыя Купалаўскага тэатра была запланаваная яшчэ ў 2004 годзе. Складальнікі праграмы рэканструкцыі меркавалі, што аб’ект будзе здадзены тэатралам у 2008 годзе. Але яшчэ і на пачатку 2009 года ішлі спрэчкі пра тое, як павінен выглядаць будынак. Сёння навуковы кіраўнік праекта рэканструкцыі Людміла Іванова выказвае спадзеў, што працы пачнуцца да канца гэтага года.
Людміла Іванова: “Пакуль нам кажуць, што грошы будуць. Я не ведаю, што будзе далей, але пакуль праект фінансуецца. Мы ўжо завяршаем архітэктурны праект, аддаем яго на экспертызу, потым — у Будаўнічы інстытут. Думаю, работы сёлета пачнуцца. Прынамсі, такое рашэнне ёсць”.
Канкрэтную дату, калі праект пойдзе на экспертызу, Людміла Іванова не назвала. Але кажа, што першыя будаўнічыя працы ў тэатры павінны пачацца дзесьці ў верасні.
Тое, што працы пачнуцца сёлета, упэўніў Еўрарадыё і дырэктар Купалаўскага Павел Палякоў. Але ўхіліўся ад адказу на пытанне, ці падабаецца самім тэатралам праект рэканструкцыі іх тэатра, матывуючы гэта тым, што тэатр не з’яўляецца заказчыкам рэканструкцыі. А Людміла Іванова ў адказ на просьбу паказаць, як будзе выглядаць тэатр пасля рэканструкцыі, паабяцала гэта зрабіць пасля экспертызы праекта. Адзінае зазначыла, што будуць знесеныя старыя прыбудовы ззаду тэатра і ўзведзены новыя. Але ні на сантыметр будаўнічыя працы не зойдуць на тэрыторыю сквера.
Калі нічога не змянілася з мінулага года, то тэатр, паводле праекта Людмілы Івановай, будзе выглядаць так:
Чытайце таксама:
З Купалаўскага тэатра зробяць "архітэктурнага кентаўра"
Праект рэканструкцыі Купалаўскага парушае закон аб ахове помнікаў
Архітэктары б'юцца за "Купалаўскі"
Фінансаванне рэканструкцыі Купалаўскага тэатра абрэзалі