Колькі грошай (магчыма) атрымалі ад Spotify беларускія музыкі за свае хіты
Лічым ганарары музыкаў / @rubanau_collage
За хіт “А можно я с тобой?” Spotify мусіў налічыць беларускаму музыку Ap$ent 27,5 тысячы долараў. Карыстальнікі стрымінга праслухалі яе амаль 8,5 млн разоў.
Але Ap$ent — не адзіны паспяховы беларускі выканаўца на Spotify. Еўрарадыё прыкідвае, колькі грошай шведскі стрымінг мог заплаціць іншым нашым артыстам за іх гучныя хіты апошняга часу.
Як мы падлічвалі ганарары
У падліках мы арыентуемся на публічныя звесткі пра ўмовы супрацы кампаніі з праваўладальнікамі. Паводле інфармацыі выдання The Wall Street Journal, Spotify у сярэднім плаціць ад траціны да паловы цэнта за адно праслухоўванне і аддае праваўладальнікам ад 75% да 80% выручкі.
Стваральнік музычнага блога “КЛІК” Мікіта Абрамчык лічыць, што варта арыентавацца на ніжні парог ганарару, то-бок 0,33 цэнта за адно праслухоўванне. Паводле гэтай метадалогіі атрымліваецца, што зарабіць 1 тысячу долараў можна ў выніку 303 030 праслухоўванняў. Такі падыход мы і выкарысталі.
Варта памятаць, што лічбы, якія ў нас атрымаліся, — максімальна “брудныя”. Спярша свой адсотак з гэтых сумаў забірае Spotify, а пасля — пасярэднікі, якія стаяць паміж артыстамі і стрымінгам.
“Судно (Борис Рижий)” — “Molchat doma”
Агульная колькасць праслухоўванняў: 267 млн разоў.
Патэнцыйны ганарар: 881 тысяча долараў.
Адна з найбольш пазнавальных песняў мінскіх электроншчыкаў з экзістэнцыйнай творчасцю, якія зрабілі кар’еру на музычным рынку ЗША. Песню пра тое, што паміраць камфортней, чым жыць, у 2020 годзе стала віруснай у TikTok’у. І гэта было чакана — пра што яшчэ спяваць, калі мір перажывае чарговую глабальную эпідэмію?
“Valasy” — “Nürnberg”
Агульная колькасць праслухоўванняў: 6,5 млн разоў.
Патэнцыйны ганарар: 21,6 тысячы долараў.
Яшчэ адзін электронны пост-панк хіт ад гурта, які набірае за мяжой папулярнасць. І што не меней важна — беларускамоўны.
“Воины света” — “Ляпис Трубецкой”
Агульная колькасць праслухоўванняў: 9,9 млн разоў.
Патэнцыйны ганарар: 32,6 тысячы долараў.
Песня-візітоўка некалі легендарнага ска-панк гурта, якая нечакана зрабілася культурным здабыткам украінскай гісторыі. “Воіны света” стала спачатку нефармальным гімнам Еўрамайдану, а затым — вайны з Расіяй, хоць аўтары нічога такога не планавалі.
“Малый повзрослел” — Макс Корж
Агульная колькасць праслухоўванняў: 39,3 млн разоў.
Патэнцыйны ганарар: 129,6 тысячы долараў.
Песня, якая, як губка, усмактала ўсю сутнасць лірыкі поп-спевака, завязаную на дваравой рамантыцы і пацанскім братэрстве. Чуем “Малы пасталеў” — маем на ўвазе Макса Каржа, кажам пра Макса Каржа — адразу згадваем “Малы пасталеў”. Гэтыя рэчы ўжо неразрыўна звязаныя.
“Окей” — Ціма Беларускіх
Агульная колькасць праслухоўванняў: 31 млн разоў.
Патэнцыйны ганарар: 102,3 тысячы долараў.
Філасофская поп-лірыка пра сэнс жыцця ад аўтара хітоў “Мокрыя кросы”, “Вітамінка” і “Алёнка”, якая выйшла ў момант, калі Ціма разыходзіўся з прадзюсарамі лэйбла Kaufman. Магчыма, цяжкі момант у жыцці спевака паўплываў на больш сур’ёзны змест песні, якую моладзь дагэтуль працягвае актыўна слухаць.
“W kolorku Amaretto” — Pan Savyan
Агульная колькасць праслухоўванняў: 933 тысячы разоў.
Патэнцыйны ганарар: амаль 3 тысячы долараў.
Іранічны бэнгер стэндапера Дзмітрыя Саўяна, з дапамогай якога ён (пакуль) беспаспяхова штурмаваў адбор “Еўрарабачання” ад Польшчы. Ведаючы прабіўны характар беларуса, мы не сумняваемся: некалі яму дакладна пашанцуе.
“Груз” — “Петля Пристрастия”
Агульная колькасць праслухоўванняў: 2 млн разоў.
Патэнцыйны ганарар: 6,7 тысячы долараў.
Галоўны рок-гурт Беларусі з чалавечнай і вельмі трывожнай лірыкай пра складанасці жыцця ў постсавецкай прасторы. Прынамсі “Груз” якраз і расказвае пра цяжар існавання, які герой песні намагаецца скінуць са сваіх плячэй.
“Монетка” — LSP
Агульная колькасць праслухоўванняў: 20,3 млн разоў.
Патэнцыйны ганарар: 67 тысяч долараў.
Адна з найбольш заўважных песняў трэцяга студыйнага альбома “Tragic City” гурта LSP. Яе яшчэ паспелі запісаць перад смерцю ад перадазіроўкі наркотыкамі кампазітара і прадзюсара гурта Ромы Англічаніна (Рамана Сащека).
“Emigrant song” — Leibonik
Агульная колькасць праслухоўванняў: 159 тысяч разоў.
Патэнцыйны ганарар: 520 долараў.
Беларускамоўны хіт пра эміграцыю беларусаў пасля 2020 года ад іранічнага барда Сяргея Башлыкевіча, у якім немагчыма не пазнаць сябе.
“Kanapel — Qrawlly DnB Version” — Iva Sativa
Агульная колькасць праслухоўванняў: 427 тысяч разоў.
Патэнцыйны ганарар: 1400 долараў.
Рэйв-версія фальклорнай беларускай песні, якую цікава перасабрала этна-поп спявачка-пачаткоўка з Барысава Яна Смаляга (Іва Саціва — яе творчы псеўданім).
“Месяц” — Palina
Агульная колькасць праслухоўванняў: 6,5 млн разоў.
Патэнцыйны ганарар: 21,4 тысячы долараў.
Аформленая ў мінімалістычнае электра трывожная рэфлексія ад спявачкі Паліны Паланейчык, якую цяпер ведаюць пад псеўданімам Palina.
“Тры чарапахі” — N.R.M.
Агульная колькасць праслухоўванняў: 499 020.
Патэнцыйны ганарар: 1600 долараў.
Легендарная песня ад культавага беларускамоўнага рок-гурта, якая ўжо не аднаму пакаленню беларусаў расказвае, паводле якіх правіл існуе сусвет. На жаль, вялікай колькасцю праслухоўванняў на Spotify песня яшчэ не можа пахваліцца.