Класкоўскі-старэйшы: Я думаю, нейкі пернік ЕС паказаў

Аляксандр Класкоўскі: “Я ўжо вельмі прызвычаіўся да статуса “бацька палітвязня”. І нарэшце, праз дзевяць месяцаў, я дачакаўся іншага эпітэта: “бацька вызваленага палітвязня”.

Еўрарадыё: Ці пісаў ваш сын прашэнне аб памілаванні?
110914 KlaskouskiS_0.mp3
Аляксандр Класкоўскі: “Не, ён нічога не пісаў і не падпісваў. Мы з жонкай Аляксандра Наталляй некалькі дзён таму, калі пачалі выпускаць палітвязняў, размаўлялі: выпусцяць яго ці не? І дзеці ўсе выходныя не спалі, чакалі тату. Але нам здавалася, што яго пакінуць за кратамі, бо ў яго быў вялікі тэрмін і на плошчы ён таксама вельмі засвяціўся. Але яго вызвалілі. І як толькі ён выйшаў на волю, папрасіў у некага мабілку і адразу патэлефанаваў жонцы. І першымі яго словамі было: "Я нічога не падпісаў". Потым ён сказаў, што разам з ім адпусцілі Лобана і Новіка”.

Еўрарадыё: Калі вы чакаеце Аляксандра ў Мінску?

Аляксандр Класкоўскі: “Мяркую, што найперш ён паедзе да сваёй сям’і, якая знаходзіцца ў Бялынічах. Усе гэтыя месяцы, пакуль сын быў у турме, Наталля з дзецьмі знаходзілася ў сваёй маці”.

Еўрарадыё: Напачатку гэтага тыдня з’явілася інфармацыя пра тое, што Еўрасаюз абяцае Лукашэнку два мільярды еўра за вызваленне палітвязняў. Ці магчыма, што новая серыя памілаваных адзін з элементаў гэтага гандлю?

Аляксандр Класкоўскі: “Тут лепей меркаваць “ад зваротнага”. Лепей думаць, што беларускія ўлады самі загарэліся ідэямі гуманізма, захацелі ўкараняць дэмакратыю. Але натуральна, што адзіны інтарэс – гэта грошы, якіх зараз катастрафічна не хапае рэжыму. Цяпер для Лукашэнкі задача нумар адзін — распрацоўваць заходні накірунак, бо Масква калі і дае, то потым бярэ за грудкі”.

Еўрарадыё: Адна справа, калі Лукашэнка вызваляе палітвязняў з надзеяй, што за гэта калісьці нешта атрымае ад Захаду, а іншая, калі яму канкрэтна, ужо зараз за гэта заплоцяць. На вашу думку, ці абяцаў Захад цяпер нешта канкрэтнае?

Аляксандр Класкоўскі:”Еўрасаюз — бюракратычны апарат. У іх на некалькі гадоў наперад усе фінансы распісаныя. Таму проста так камусьці выдзяляць грошы яны не будуць. Канечне, нейкі пернік Лукашэнку паказалі. Усё адно элементы гандлю былі, нешта было паабяцана”.