Касцюшка супраць Суворава

Учора па Першым нацыянальным тэлеканале распачаўся паказ чатарохсерыйнай дакументальнай стужкі Алега Лукашэвіча пра нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшку. Менавіта ён узначальваў вызваленчае паўстанне ў Беларусі і Польшчы ў 1794 годзе. ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ

Тадэвуш (Андрэй) Банавентура Касцюшка нарадзіўся ў 1745 годзе ў мястэчку Мерачоўшчына, у цяперашнім Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Скончыў Кракаўскі кадэцкі корпус, потым працягнуў адукацыю ў Францыі.


Удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША, там жа атрымаў чын брыгаднага генерала, стаў нацыянальным героем Злучаных Штатаў. Пасля вяртання на радзіму падняў вызвольнае паўстанне.


У 1794 годзе зняволены ў Петрапаўлайскай крэпасці. Пасля прыхода да ўлады Паўла І выйшаў на волю і пераехаў у Швейцарыю, дзе і памёр 15 кастрычніка 1817 года.


Еўрарадыё папрасіла расказаць Алега Лукашэвіча пра распачатую серыю дакументальных стужак.


Лукашэвіч: “Гэта дакументальны праект, які мы робім на Беларускім тэлебачанні. Ён расказвае пра нашых знакамітых землякоў, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, зрабілі свой унёсак у развіццё сусветнай культуры, навукі і г. д.


Мы знялі ўжо стужкі пра Еўфрасінню Полацкую, Марка Шагала і Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Мы зрабілі серыю праграм пра тых беларускіх сыноў, якія складаюць гонар беларускай нацыі. І Тадэвуш Касцюшка ў гэтым шэрагу. Ён сын беларускай зямлі, і мы павінны ганарыцца гэтай асобай”.


Матэрыял для фільма Алег Лукашэвіч здымаў у пяці краінах свету. У стужцы распавядаецца не толькі пра нацыянальнае паўстанне на тэрыторыі Беларусі, але і пра ўдзел у вайне за незалежнасць ЗША. Тадэвуш Касцюшка падаецца гледачам не толькі як геніяльны палкаводца, але і як інжынер-вынаходнік.


Гледачы нават пабачаць апошні запавет, у якім ён вызваляе сялян свайго надзела ў Беларусі ад прыгоннага права. Гэты дакумент захоўваецца ў мястэчку Салатурна, Швейцарыя, і будзе паказаны гледачам упершыню.


Тым жа часам у беларускім горадзе Кобрын распачалі будаўніцтва праваслаўнага храма ў гонар расійскага фельдмаршала Суворава. Таго самага, які падаўляў вызвольнае паўстанне Касцюшкі.


У беларускім грамадстве неадназначна ўспрынялі гэтую навіну. Лідэрамі беларускіх грамадскіх арганізацый, сярод якіх Таварыства беларускай мовы, “Згутаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Саюз беларускіх пісьменнікаў, быў накіраваны адкрыты ліст да Беларускай праваслаўнай царквы з патрабаваннем спыніць будаўніцтва храма ў гонар Суворава.


Алесь Марачкін, які паставіў свой подпіс пад зваротам, лічыць, што будаўніцтва храма-помніка Сувораву будзе з’яўляецца яскравым сімвалам братазабойчай славянскай вайны. І тым больш не будзе адпавядаць гістарычнай справядлівасці.


Марачкін: “Ніякага адказу ад Беларускай праваслаўнай царквы не было. Былі лісты да Філарэта і ва ўрадавыя арганізацыі. Подпісы можна паставіць зараз у сядзібе Таварыства беларускай мовы. Наколькі я ведаю, людзі падпісваюцца.


Па маёй інфармацыі, нават жадаюць правесці акцыю, але як яна будзе выяўляцца — ці толькі ў выглядзе гэтых падпісных лістоў, ці ў іншым варыянце, але пад агульным лозунгам: “Беларусь без Суворава!”


На мой погляд, абсалютна не нармальна будаваць царкву імя Суворава, бо ён з’яўляецца некананізаваным святым Рускай праваслаўнай царквы. Тым больш у Беларусі, дзе ён, можна сказаць, затапіў у крыві беларускую шляхту”.


Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці атрымала кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ліст ад кіраўнікоў грамадскіх арганізацый. Вось што нам адказалі ў канцылярыі Мінскай праваслаўнай епархіі:


“Ліст знаходзіцца на разглядзе ва Ўладыкі. Ён зараз не ў Беларусі і вернецца толькі на наступным тыдні”.


Будоўля храма-помніка ў Кобрыне толькі распачатая, а Расійская праваслаўная царква ў плане падтрымкі на гэты момант абмежавалася толькі агульнымі заявамі. Беларусы і далей працягваюць збіраць подпісы супраць сувораўскага храма.


Але радуе толькі адно: стужкі пра нацыянальнага героя Беларусі ўсё ж такі здымаюцца і паказваюцца ў нашай краіне. Можа быць, пасля паказу фільма Алега Лукашэвіча пра Касцюшку кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ўрэшце раставіць для сабе акцэнты ў беларускай гісторыі.


Вось што мяркуе аўтар дакументальнай стужкі Алег Лукашэвіч наконт будаўніцтва храма-помніка ў Кобрыне:


“Я супраць таго, каб імя Суворава было прадстаўлена болей за імя Касцюшкі. На мой погляд, асоба кіраўніка паўстання 1794 года павінна быць болей праслаўлена, таму што ён змагаўся за незалежнасць нашай краіны”.


Разам з Вамі растаўляў кропкі над “і” Зміцер Траўчук.


На фота — помнік Сувораву ў Кобрыне (photo.bymedia.net).