Канцэрт у мінскай філармоніі пакажуць Online на плошчы Свабоды

3 верасня ў 19.00 на плошчы Свабоды ў Мінску адбудзецца online-трансляцыя адкрыцця 77-га філарманічнага сезону. На прыступках сталічнай Ратушы будзе ўсталяваны вялікі экран, а паглядзець выступ галоўнага сімфанічнага аркестра краіны пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава змогуць усе жадаючыя.


Галоўная ідэя праекта — вывесці класіку з акадэмічных канцэртных зал на гарадскія пляцоўкі. Трансляцыі класічных канцэртаў на свежым паветры распаўсюджаныя ва ўсім свеце. Напрыклад, оnline-канцэрты рэгулярна праходзяць у лонданскім гайд-парку, ля н'ю-ёркскай Metropoliten Opera, у Берліне, Парыжы, Вене і іншых гарадах.


"Такія канцэрты прыцягваюць вялікую колькасць гледачоў — як гарачых прыхільнікаў акадэмічнай музыкі, так і аматараў культурных гарадскіх мерапрыемстваў. 3 верасня да еўрапейскіх сталіц, якія транслююць класіку он-лайн, далучыцца Мінск", — распавядае арганізатар і ініцыятар праекта, кіраўнік апякунскага савета Фонду "Ідэя" Віктар Радзькоў.


У праграме канцэрта — прэм'ера твора беларускай кампазітаркі Галіны Гарэлавай "Жарсці па Шагале", а таксама сімфанічная рапсодыя чэха Леаша Яначака "Тарас Бульба". У другім аддзяленні прагучыць трэцяя дзея оперы Пятра Чайкоўскага "Мазэпа".

Паводле isefi.by

Фота: www.belta.by