Генсек НАК Георгій Катулін: "Беларускага дома" ў Пекіне не будзе

У Пекіне падчас Алімпійскіх гульняў не будзе "Беларускага дома". Пра гэта Еўрарадыё распавёў генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Георгій Катулін:

"У нас асобнага дома не будзе. Прыём будзе ажыццяўляцца ў амбасадзе Рэспублікі Беларусь. Вялікія дэлегацыі, такія як Канада, Расійская Федэрацыя, ЗША, маюць асобныя будынкі. Аднак мы сабе гэтага дазволіць не можам па прычыне выдаткаў, якія з гэтым звязаныя. Таму мы будзем выкарыстоўваць магчымасці амбасады".

Аднак, што менавіта прапануе беларуская амбасада падчас Алімпіяды, пакуль невядома: яшчэ ідуць працоўныя паездкі і паседжанні. На сярэдзіну траўня запланавана паседжанне выканкаму НАК, на якім будзе абмяркоўвацца склад дэлегацыі. Таму даведацца, хто будзе забаўляць гасцей Алімпіяды, можна будзе толькі напрыканцы траўня.

Дарэчы, у Пекіне ўжо працуе рэстарацыя “Мінск”, у якой можна пакаштаваць дранікі, боршч, капусту, салёныя агуркі і іншыя беларускія стравы.