Дзеючыя экстрасэнсы стаяць на ўліку… у псіхушцы

Як высветліла Еўрарадыё, у псіхіятрычнай бальніцы пасля наведвання экстрасэнсаў і ведзьмакоў лечацца і пацярпелыя пацыенты, і самі парапсіхолагі Звычайна “парапсіхолагаў” у неадэкватным стане ў цэнтр прывозяць… родныя. Загадчыца псіхіятрычнага жаночага аддзялення Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” Валянціна Мінюк расказвае Еўрарадыё, што ў гэтым годзе ў іх ужо паспелі пабываць два такія гора-экстрасэнсы.

Валянціна Мінюк: Яны нашыя хворыя, псіхічна хворыя, якія стаяць на ўліку ў дыспансэры, а паміж абвастрэннем яны займаюцца такой дзейнасцю. Яны спяшаюцца хутчэй выпісацца, таму што іх кліенты чакаюць, у іх чэргі, запісы. Пасля таго як мы іх выпісваем, яны пачынаюць лячыць усіх астатніх.

Валянціна Мінюк кажа Еўрарадыё, што парапсіхолагі не прызнаюць сябе псіхічна хворымі і рвуцца хутчэй дамоў. Доктар прыгадвае выпадак, калі муж-лекар мае ліцэнзію, працуе ў Гродне як зарэгістраваная асоба і актыўна лечыць іншых. А сваю жонку перыядычна змяшчае ў клінічны цэнтр “Псіхіятрыя-наркалогія”.

Валянціна Мінюк: У нас ёсць выпадак, калі муж мае ліцэнзію нейкага кіеўскага народнага ўніверсітэта. Дарэчы, адтуль многія прывозяць падобныя пасведчанні і сертыфікаты. А яго жонка — нашая хранічная хворая, і ён яе перыядычна кладзе да нас. Пасля таго, як мы яе падлечым, выпішам, тады яна яму дапамагае: са свечкай бегаць, малітвы чытаць і здзяйсняць усякія рытуалы.

Тым часам, у Рэспубліканскую псіхіятрычную бальніцу ў Навінках трапляюць людзі, якія спрабавалі вырашыць свае праблемы з дапамогай экстрасэнсаў і парапсіхолагаў.

Доктар-псіхіятр аддзялення неўрозаў Андрэй Буцько прыгадвае Еўрарадыё выпадак, калі да яго звярнуўся 30-гадовы Антон, які тры гады хадзіў па парапсіхолагах і ведзьмаках, каб тыя дапамаглі яму вылечыць імпатэнцыю. Мужчына аддаў “лекарам” 6 тысяч долараў і нават прадаў машыну. Пасля таго, як усе грошы былі патрачаны, родныя параілі яму звярнуцца ў Навінкі.

Андрэй Буцько: Ён звяртаўся да шматлікіх ведзьмакоў, і яго апошні зварот быў да нейкага моцнага чараўніка-экстрасэнса. І ён каля года ў яго лячыўся і жыў нават там 1-3 месяцы, працаваў. Не ведаю, гэта нечым секту нагадвала. Ён заплаціў каля 6 тысяч долараў і прадаў машыну. Яго пастаянна падкармлівалі абяцанкамі, што зоркі “ўстануць” і вядзьмарства знікне.

У Навінкі Антон патрапіў у цяжкім стане, і пасля месяца лячэннz яго справы пайшлі на папраўку. Па словах лекара, праблема з патэнцыяй была надуманая: у яго былі складаныя адносіны з жонкай, як пасля высветлілася, праблема не была фізічнай, а хутчэй за ўсё псіхалагічнай.

Андрэй Буцько: За месяц лячэння высветлілася, што праблемы не з патэнцыяй, а ў адносінах з жонкай. Менавіта з-за гэтых праблем парушаецца патэнцыя, хаця з астатнімі жанчынамі справы лепей. Ён зразумеў сваю праблему, і патэнцыя палепшылася.

У практыцы лекараў Навінак быў выпадак, калі мастак 5 год лячыў нервовы разлад у розных ведзьмакоў. Разлічваўся з імі сваімі працамі, і толькі калі ўжо перастаў спаць і есці, тады родныя прывезлі яго ў бальніцу.

Як правіла, курс “паслявядзьмарскага” лячэння доўжыцца 1-1,5 месяца. Па словах псіхіятра аддзялення неўрозаў Андрэя Буцько, лекарам дастаткова паўгадзіны размовы, каб зразумець, наколькі чалавек залежыць ад абяцанняў варажбіткі ці экстрасэнса.