Ці могуць дэпутаты мясцовых саветаў выканаць свае перадвыбарныя абяцанні?
“Палепшыць дарогі, пабудаваць паркоўкі, новыя крамы і дзіцячыя садкі…”. Еўрарадыё параўнала абяцанні кандыдатаў з магчымасцямі дэпутатаў.
Так, адна з кандыдатак бярэцца дамагчыся і павелічэння колькасці парковак, і будаўніцтва басейна для школьнікаў, і адкрыцця водагразелячэбніцы, і павелічэння колькасці грамадскага транспарту. Аднак старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына раіць выбаршчыкам асабліва не спадзявацца на тое, што ўсё абяцанае кандыдатамі будзе выканана.
Лідзія Ярмошына: “Яна можа працаваць над гэтымі пытаннямі: задаваць, звяртацца з дэпутацкімі запытамі. Ставіць гэтыя пытанні пры абмеркаванні, да прыкладу, сацыяльна-эканамічнага развіцця. Але гэта не азначае, што ёй удасца іх вырашыць. Але прынамсі яна будзе сумленна старацца”.
Атрымліваецца, што дэпутат мясцовага савета можа ўздымаць праблему і звяртаць на яе ўвагу чыноўнікаў. Апошняе слова — за выканкамам.
“Калі нейкія пытанні ўзнікаюць, то мы іх выносім на сесію, мы іх разглядаем і ўносім пры фармаванні бюджэту на наступны год, — распавёў Еўрарадыё старшыня Нясвіжскага райсавета Анатоль Драгавец. — Адразу вырашыць пытанне будаўніцтва ці нейкага іншага важнага пытання не атрымліваецца. Але цягам года яны вырашаюцца”.
Сесіі ў мясцовых саветах праходзяць раз на тры месяцы. Паміж імі можна паспрабаваць трапіць да свайго дэпутата на прыём і расказаць пра сваю бяду. Дзеля гэтых мэтаў у райсаветах ёсць спецыяльны пакой, а дні сустрэч распісаныя загадзя. Вось толькі не ўсе дэпутаты на такія сустрэчы прыходзяць, ды і працы яго жыхары акругі не бачаць. Аднак пакараць дэпутата за бяздзейнасць, кажа Лідзія Ярмошына, ніякім чынам немагчыма.
Лідзія Ярмошына: “А што з ім за гэта зрабіць можна? Ну, вось ён не сустракаецца з выбарцамі, не працуе. Шмат хто з іх гэтага не робяць. Бо і жадання, і часу няма, і людзі яны занятыя. А можа і расказаць няма чаго. Але як пакараць? Аштрафаваць за гэта нельга. Гэта ўвогуле грамадская нагрузка. Як можна караць за нядобрасумленнае выкананне грамадскіх абавязкаў? Ніяк!”
І нават калі вы бачыце, што народны абраннік не працуе, нічога не робіць для выбарцаў, пазбавіць яго дэпутацкага мандата амаль немагчыма.
Лідзія Ярмошына: “Працэдура адклікання вельмі складаная, і таму яна не існуе на практыцы. Хоць у законе яна фармальна і прапісаная. Бо толькі для таго, каб распачаць гэтую працэдуру, прызначыць галасаванне на адкліканне, трэба сабраць не менш за 20% галасоў выбарцаў акругі. Да прыкладу, у Сухараўскай акрузе Мінска жыхароў 20-22 тысячы. Значыцца, трэба не менш як 4,5 тысяч подпісаў сабраць. Уяўляеце, што гэта азначае? Калі ў нас для абрання дэпутатам парламента трэба 1 тысячу подпісаў сабраць, і са скрыпам збіраюць! А каб вылучыцца кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета — 150”.
Старшыня Любанскага сельсавета, дэпутат Вілейскага райсавета Анатоль Бяганскі расказаў Еўрарадыё, што за чатыры гады дэпутацтва яму ўдалося дамовіцца, каб у аграгарадку Нарач заасфальтавалі вуліцу, дзесьці паставілі платы, больш за 20 старых дамоў у вёсках акругі зруйнавалі. Але, кажа, выканалі далёка не ўсё, што абяцалі выбарцам: грошай няма.
Анатоль Беганскі: “На сяле з фінансаваннем вельмі цяжка. І таму ўсе праграмы па добраўпарадкаванні, якія мы даем штогод, мы стараемся зрабіць мізэрнымі, унесці толькі тое, што неабходна. Стараемся тлумачыць людзям, што пакуль мы не можам зрабіць таго, што мы хочам, што хочуць людзі, па максімуме. Упэўніваем іх у тым, што трэба жыць па сродках”.
Згодна з яго словамі, на раённым узроўні нейкія пытанні дэпутаты яшчэ могуць вырашыць, ад іх можа быць пэўная карысць. Іншая рэч — дэпутаты сельсаветаў.
Анатоль Бяганскі: “На сяле, каб нейкую глабальную праблему вырашыць, то мы нічога не вырашаем. Гэтыя дэпутаты патрэбныя як памочнікі такія, з голасам дарадчыкаў”.
Актывіст руху “За Свабоду!” Зміцер Кухлей быў дэпутатам Мастоўскага райсавета мінулага склікання. Кажа, абяцаў сваім выбарцам дамагчыся будаўніцтва аўтастаянкі ў адным з мікрараёнаў — і выканаў гэта. Казаў пра неабходнасць будаўніцтва дзіцячых пляцовак — яны з’явіліся. Дапамагаў людзям вырашаць праблемы, звязаныя з ЖКХ. Але ж мяжу сваіх магчымасцяў дэпутат павінен ведаць і лішняга не абяцаць.
Зміцер Кухлей: “З глабальнымі пытаннямі цяжкавата, я сумняваюся, што дэпутат у стане вырашыць пытанне будаўніцтва басейна, напрыклад. Адзін дэпутат. Калі ж ёсць група дэпутатаў, то гэтыя глабальныя пытанні можна выносіць на разгляд сесій і прапаноўваць змены генеральнага плану будаўніцтва ды іншых планаў на будучыню”.
Таму, кажа, мясцовыя дэпутаты патрэбныя і могуць быць карысныя людзям. Але адзначыў, што мясцовыя саветы цалкам падпарадкаваныя выканкамам. І дэпутаты наўрад ці будуць нават абмяркоўваць нейкае пытанне, калі загадзя ведаюць, што чыноўнікі выканкама пэўную праблему лічаць патрэбным не заўважаць.