Чаго можа дасягнуць беларускі музыка за 15 гадоў творчасці
Пра гэта разважаюць лістападаўскія юбіляры: "Стары Ольса", J:морс і :B:N:.
У лістападзе сваё 15-годдзе святкуюць адразу тры беларускія гурты: рэстаўратары сярэднявечнай беларускай музыкі "Стары Ольса", поп-рокеры J:морс і музыкі, творчы шлях якіх пачынаўся ў горадзе Бяроза, :B:N:.
Еўрарадыё пагутарыла з лідарамі каманд пра самыя плённыя перыяды ў творчасці, асаблівасці райдараў і любімыя ўласныя песні.
Найлепшым перыядам у гісторыі гурта "Стары Ольса" яго лідар Зміцер Сасноўскі называе той, што будзе наперадзе:
"Таму што раней мы толькі вучыліся граць гэтую музыку і толькі цяпер набліжаемся да першых спробаў сапраўднай рэканструкцыі".
Уладзімір Пугач з гурта J:морс таксама лічыць 15-годзе гурта не падвядзеннем вынікаў, а трамплінам, за якім адкрываюцца новыя гарызонты. А мінулае музыка згадвае ў дынаміцы і развіцці:
"Сказаць, што адзін перыяд ці нейкая адна падзея самыя яркія, — не. Я гэта ўсё бачу ў нейкай вясёлкавай стужцы. Ну, не заўсёды вясёлкавай, былі і траблы ўсялякія, і будуць, таму што жыццё — штука паласатая. Але непераадольнае жаданне займацца гэтым далей ёсць, значыць, усё было правільна і ўсё было патрэбна. Я ні пра што не шкадую".

Франтмэн :B:N: Алесь Лютыч, гурт якога год таму змяніў склад і, фактычна, перастаў быць бярозаўскім, лічыць удалымі ўсе 15 гадоў сваёй гісторыі. А тры кружэлкі, якія ёсць на рахунку каманды, Лютыч любіць як уласных дзяцей (праўда, музыка дагэтуль ходзіць у халасцяках у адрозненне ад Пугача і Сасноўскага).
"Калі першыя два альбомы выдаваліся на нашай такой узлётнай хвалі, то апошні, "Крок за крокам", застаўся крыху незаўважаным, — наракае Алесь. — Магчыма, таму, што ў ім было зашмат песень. Але цяпер мы ведаем, што не трэба ўпіхваць у кружэлку па 15-16 трэкаў. Лепш зрабіць два альбомы. Магчыма, таму і песні з першых дзвюх кружэлак па-ранейшаму лідзіруюць у замовах на канцэртах. Пастаянна замаўляюць "Цягнік", "Рок-н-рол", "Адчуваю", "Толькі я"".
Найлепшым з васьмі альбомаў "Старога Ольсы" Зміцер Сасноўскі называе апошні, "Santa Maria": маўляў, музыкі на ім граюць лепей, чым на мінулых. А найлепшай песняй — яшчэ не запісаны твор XV стагоддзя "Pekne jest kolo recerzskie", які гурт часта выконвае на канцэртах.
А вось Уладзімір Пугач, была б яго воля, увогуле не выдаваў бы альбомаў.
"Я не ўспрымаю музыку альбомамі, я проста ведаю, што прынята іх выдаваць. У маім рэпертуары ёсць тры-чатыры песні, якія мне падаюцца найбольш паспяховымі. Гэта песні "Жыві", "Дай мне", Дождём" і на новым альбоме, які мы рыхтуем, я адчуваю, будзе такая песня".

Натуральна, што за 15 гадоў усе гурты перажылі ўзлёты і падзенні, пікі папулярнасці, вялікія залы, значныя фестывалі, перамогі ў конкурсах. І калі ў самым пачатку шляху маглі сабе дазволіць паехаць у тур па Беларусі за ежу, то цяпер заўсёды маюць у грымёрках ручнікі, паперу, маркеры для аўтографаў, свежую садавіну, ваду і пляшку каньяку. Для вакалістаў. Праўда, ёсць і выключэнні.
"У грымёрцы абавязкова павінная быць грымёрка”, — смяецца Алесь Лютыч. На пачатку 2000-х грымёркі былі рэдкасцю для мінскіх клубаў. Што такое побытавы райдар, таксама асабліва ніхто не ведаў. Магчыма, таму :B:N: па-ранейшаму не маюць райдара, а ўмоўна дамаўляюцца з арганізатарамі.
“Самае вялікае дасягненне — гэта тое, што мы дагэтуль існуем, працягваем рабіць музыку і запатрабаваныя ў публікі. Бо было шмат цікавых гуртоў, тыя ж Indiga, Taxi, Splenetic, Zet, якія гралі прафесійную і цікавую музыку, але іх жыццёвы лёс працягнуўся некалькі гадоў", — падводзіць вынікі пятнаццацігодкі Алесь Лютыч, гурт якога ў свой час перамагаў на "Басовішчы" і "Рок-коле", а на пачатку Новага года выпусціць новы альбом.
Радуецца таму, што каманда дагэтуль жывая, і Уладзімір Пугач. У пэўны час J:морс сышоў у адпачынак, а Пугач стрэльнуў новым праектам "Нафта", які быў цяжэйшым за "Морс", але вельмі яго нагадваў.
"Творчы калектыў — гэта вельмі складаны арганізм. І пастаянна гэтым займацца часам апускаюцца рукі, — разважае Пугач. — Гэта вельмі эмацыйна стратны працэс, а калі ён бесперапынна цягнецца 15 гадоў, то я вельмі задаволены, што ён усё яшчэ цягнецца. Сабраць нейкую залу — гэта лухта, мы яе яшчэ 20 разоў збяром. А вось тое, што 15 гадоў гурт існуе і нешта робіць, складаней за ўсё".

"Стары Ольса" ў свой час стаў першым гуртом, які паказаў свецкую, гарадскую і ваенную музыку Сярэднявечча на вялікіх сцэнах міжнародных еўрапейскіх фэстаў,стаў першым гуртом, які ўвёў моду на сярэднявечныя дыскатэкі, займаўся вытворчасцю копій тагачасных інструментаў.
"Але ўсё ж я б хацеў назваць дасягненнем тое, што гурт ператварыўся ў кола вельмі добрых і блізкіх сяброў, — падкрэслівае Зміцер Сасноўскі. — Узнагароды — гэта вельмі прыемна: і Нацыянальная музычная прэмія, і "рок-кароны", і замежныя выйграныя конкурсы і ўзнагароды. Гэта ўсё вельмі прыемна, але гэта, на нашу думку, толькі этап у жыцці і творчасці".
Расклад юбілейных канцэртаў нашых герояў:
16 лістапада ў ДК МАЗ выступіць "Стары Ольса"
22 лістапада ў Prime Hall J:морс пакажуць праграму "15 гадоў у аблоках"
26 лістапада ў клубе Re:Public пятнаццацігоддзе адзначыць гурт :B:N: