Бліжэйшымі начамі ў Беларусі прагназуюцца замаразкі

Замаразкі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У сераду, 7 траўня, у Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.
Уначы па поўначы, а ўдзень пераважна па паўночна-ўсходняй палове краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Вецер уначы будзе пераменных кірункаў, удзень — паўночна-заходні слабы да ўмеранага.
Таксама сіноптыкі выдалі штармавое папярэджанне пра небяспечную гідраметэаралагічную з'яву. На большай частцы тэрыторыі Беларусі ўначы на глебе і ў паветры чакаюцца замаразкі ад 0 да 5 градусаў марозу. Месцамі мінімальная тэмпература паветра складзе 1-5 градусаў вышэй за нуль. Удзень тэормометры пакажуць 9-15 градусаў цяпла.
Халодныя ночы захаваюцца і ў далейшыя суткі. 8-9 траўня на большай частцы тэрыторыі краіны таксама чакаюцца замаразкі 0...-5 градусаў, у Мінску па начах прагназуецца 1-3 градусы ніжэй за нуль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.