БАТЭ, "Дынама" і "Дняпро" атрымаюць па 500 тысяч долараў

Кожны з трох беларускіх футбольных клубаў, якія ўдзельнічалі ў гульнях плэй-офф Лігі Еўропы — БАТЭ, «Дынама» (Мінск) і «Дняпро», —  зарабіў па 500 тысяч долараў. Аб гэтым паведаміў сёння ў Гомелі старшыня Беларускай федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас. Ён прымаў удзел у пашыраным паседжанні Выканаўчага камітэта БФФ. У хуткім часе гэтыя грошы будуць выплачаныя і стануць добрым дадаткам для бюджэтаў клубаў, адзначае БЕЛТА.

Генадзь Нявыглас паведаміў таксама, што доля дзяржпадтрымкі ў бюджэтах клубаў за апошнія гады скарацілася з 80% да менш чым 40%, таму што каманды пачалі зарабляць грошы.

Што датычыцца федэрацыі, то за апошнія чатыры гады яна змагла прыцягнуць у краіну 66 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый. Гэтыя сродкі ўкладаюцца ў першую чаргу ў развіццё спартыўнай інфраструктуры.