Банкаўскі рахунак у Польшчы можна адкрыць з часовым пасведчаннем замежніка

Пашпарт РБ і дакументы беларусаў у Польшчы / mm-biuro.pl
Пры адкрыцці банкаўскага рахунку ў Польшчы можна карыстацца часовым пасведчаннем асобы замежніка. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе Камісіі фіннагляду, які атрымаў на свой запыт намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.
"Упраўленне Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (далей Камісія фіннагляду) накіравала паднаглядным банкам ліст, у якім адзначыла, што паднаглядныя ўстановы (у тым ліку банкі) абавязаны пры ўжыванні мер фінансавай бяспекі на падставе закона аб прадухіленні адмывання грошай улічваць усе дакументы, якія могуць сведчыць асобу, наяўныя ў замежнікаў, і што такім дакументам цалкам варта прызнаваць таксама часовае пасведчанне асобы замежніка", — гаворыцца ў адказе.
У Камісіі фіннагляду таксама падкрэслілі, што ў сувязі з санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі грамадзян Беларусі могуць разглядаць як кліентаў з павышанай рызыкай адмывання грошай і фінансавання тэрарызму. Але адмова ад адкрыцця рахунку ці рашэнне пра яго закрыццё "не можа абгрунтоўвацца выключна такім аднясеннем кліента да групы павышанай рызыкі".
А вось праязны дакумент замежніка Камісія фіннагляду не палічыла дакументам, які сведчыць асобу. Таму на падставе яго банкаўскі рахунак адкрыць не ўдасца. Пазіцыя Камісіі па гэтым пытанні перададзеная ў Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы з указаннем, што патрабуюцца адпаведныя змены ў закон аб замежніках. НАУ і прадстаўніцтва па транзіце ўлады Кабінета накіруюць у МУС Польшчы чарговую просьбу пазітыўна разгледзець гэтыя пытанні.
Таксама ў Камісіі фіннагляду заявілі, што на сёння адкрыццё банкаўскіх рахункаў толькі на падставе беларускага пашпарта з гуманітарнай візай немагчымае. Банкі маюць права патрабаваць ад патэнцыйных кліентаў дакументы, якія пацвярджаюць мэту і характар адкрыцця рахунку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.