Aсіпенку амністуюць, калі суд пацвердзіць адсутнасць матэрыяльных стратаў

Адміністрацыя Івацэвіцкай калоніі паслала запыт у суд, які прымаў рашэнне ў справе зняволенага прадпрымальніка з Ваўкавыску Ўладзіміра Асіпенкі. Мэта — даведацца, ці ёсць за асуджаным прызнаныя судом непагашаныя матэрыяльныя страты. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў па Брэсцкай вобласці Мікалай Сухадольскі:

"Да яго прыменіцца Закон аб амністыі, калі няма стратаў, нанесеных злачынствам. Трэба, каб суд даў пацверджанне, што гэтыя страты пагашаныя, калі яны былі. І ён паводле закона падпадае пад зняццё года".

Як адзначыў сп.Сухадольскі, паводле амністыі, на волю выйдуць вязні, якім застаецца тэрмін меншы за год.

Нагадаем, што 56-гадовы Ўладзімір Асіпенка праходзіў як саўдзельнік па справе Мікалая Аўтуховіча. Яго асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Асіпенка адбыў траціну тэрмінy ў следчым ізалятары і трэці месяц знаходзіцца ў Івацэвіцкай калоніі. Для таго, каб быць амніставаным, дастаткова адседзець чацвёртую частку тэрміну.