Актывісту апазіцыі з Брэста не працягваюць кантракт

Пра свае праблемы на працы Еўрарадыё паведаміў Васіль Ваўранюк, каардынатар ініцыятыўнай групы па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” па Брэсцкай вобласці: – Не працягваюць са мной кантракт. Прычыну мне не сказалі. Хоць нядаўна дырэктар запэўніваў, што кантракт будзе працягнуты. Намякнулі, што гаспадару было тэлефанаванне: маўляў, трэба чалавека прыбраць, каб не было праблем з падатковай інспекцыяй.

Спадар Ваўранюк працаваў у камерцыйнай фірме забеспячэнцам 5 гадоў. Заўвагаў не меў. Заробку надта высокага таксама не было, у сярэднім, каля мільёна беларускіх рублёў.

Да гэтага Васіль Ваўранюк 24 гады адпрацаваў на мытні. Звольнілі адтуль за ўдзел у парламенцкіх выбарах 2004 года, патлумачыў сацыял-дэмакрат. Сказалі, што дзяржаўны службовец павінен думаць, як загадаюць, а не так, як яму хочацца.

Ваўранюк балатаваўся на парламенцкіх выбарах і ў 2008 годзе. З ягоных словаў, сёлета летам яго выклікалі ў Аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю і чамусьці распытвалі пра гэтыя выбары.