Адвакат Зэльцэра падаў чарговае хадайніцтва па змяненні меры ўтрымання

Адвакат амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра Зміцер Гарачка падаў чарговае хадайніцтва аб змяненні меры ўтрымання. Ён спасылаецца на цяжкі стан здароўя Зэльцэра, які ўжо тры месяцы знаходзіцца ў беларускай турме.
Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё Зміцер Гарачка:

"Хадайніцтва сёння аддаў следчаму і буду чакаць на працягу трох дзён адказу на пісьмовы зварот аб змене меры ўтрымання ў сувязі з цяжкім станам здароўя".


Паводле словаў адваката, Зэльцэр сябе вельмі кепска адчувае, у тым ліку і з-за таго, што тры месяцы не атрымлівае лекі, якія яму прапісаў лекар.

Тым часам, да Аляксандра Лукашэнкі звярнулася 92-гадовая маці зняволенага амерыканскага юрыста, якая просіць "выратаваць жыццё яе сына". Яна піша, што ён "знаходзіцца пры смерці ў турме КГБ".

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр быў затрыманы ў мінскім аэрапорце 12 сакавіка, адразу пасля прызямлення самалёта з Лондана. Яго абвінавачваюць у выкарыстанні падробленых дакументаў групай асобаў. Як адзначае БелаПАН, падрабязнасці справы дагэтуль не разгалошваюцца, паколькі яна мае статус дзяржаўнай таямніцы.