Адам Глобус: Чытачы майго блогу выбралі радзіму без дэмакратыі
Літаратар Адам Глобус правёў у сваім ЖЖ апытанне пра дэмакратыю і радзіму. Вынікі апытанкі азадачылі пісьменніка.
Еўрарадыё: Спадар Адам, нейкі час таму вы ў сваім ЖЖ паставілі пытанне: "Што важнейшае: радзіма ці дэмакратыя?" Што прымусіла вас гэта зрабіць?
Адам Глобус: Добры дзень усім, хто мяне чуе. Я цяпер на плошчы Свабоды стаю, Мінск шэры такі, хаця трошкі сонца было. Што прымусіла? Ну, не хапае мне дэмакратыі. Я думаў, што большасць маіх чытачоў і чытачоў майго блога будуць патрабаваць дэмакратыі і мяне асудзяць. Але высветлілася якраз, што для большасці радзіма значыць больш за дэмакратыю. І гэта мяне крыху засмуціла нават.
Еўрарадыё: Чытачы вашага блогу вырашылі, што лепш радзіма без дэмакратыі, чым дэмакратыя невядома з чым?
Адам Глобус: Не, крышку не так. Усе адназначна выбралі радзіму. Прычым там было пазначана, што я маю на ўвазе сённяшні дзень, не абстрактна. Я думаў, што ўсім нам патрэбная дэмакратычная радзіма. А высветлілася, што нам патрэбная проста радзіма. Што мы выйшлі на пляцы, і ходзім і змагаемся за радзіму, за родную мову. І толькі потым — за дэмакратыю і яе каштоўнасці.
Еўрарадыё: Якую выснову вы зрабілі з гэтых адказаў?
Адам Глобус: Я гэтага не чакаў. Для мяне радзіма – гэта форма. А мы яе павінны напаўняць зместам. Мы жывем і напаўняем гэту форму зместам. І я спадзяваўся, што ўсе скажуць: нам патрэбная дэмакратычная радзіма. А ўсе кажуць, што нам патрэбна проста радзіма, у любой форме. Мы яе прымем такой, якая ёсць. Гэта так крышку па-беларуску... Гэта мяне засмуціла.
Еўрарадыё: Можна зрабіць выснову, што наша цяперашняе становішча – з-за такога вось стаўлення?
Адам Глобус: Не, мае чытачы хочуць радзімы. А вось даводзіцца чытаць: "Я человек без родины". Дык ты яшчэ і без таленту! – хочацца яму напісаць. У нас такіх "антырадзімных" людзей шмат. Так што я рады, хаця б тут радзіму выбралі.
Еўрарадыё: А ці ёсць спосабы змяніць стаўленне, даць зразумець людзям, што без дэмакратыі — і радзімы ў прынцыпе не стане?
Адам Глобус: Ведаеш, радзіма — гэта як мама. Якая ёсць... Нам трэба маме часцей рабіць падарункі. Часцей з ёй садзіцца гаварыць і прыносіць ёй… я ня ведаю… купляць цукеркі. Ну, што мама любіць. І паціху казаць: мамачка, мы хочам, каб ты была ў нас дэмакратычная. Мы цябе любім, гэта адназначна, але хацелі б…
Еўрарадыё: Дык можа, трэба, каб з Брусэлю ёй гэтыя цукеркі прывозілі?
Адам Глобус: Ды прычым тут Брусэль, Нью-Ёрк, Масква ці Кіеў?! Мы самі павінны. Гэта ж наша радзіма. Людзі, якія крычалі "Мы за дэмакратыю!" узялі чамадан і з’ехалі. А мы ж засталіся тут.
Еўрарадыё: А ці захоча мамачка есці цукеркі, якія мы ёй прынясем?
Адам Глобус: Мама ж любіць сваіх дзяцей.
Еўрарадыё: Будзем на гэта спадзявацца.