15 спакуслівых прычын, па якіх варта паехаць на Джаз-Кактэбель 2010

Да пачатку культавага украінскага фэсту “Джаз-Кактэбель” засталося 24 дні, і пакуль яшчэ ёсць час, мы вырашылі патэлефанаваць некалькім самым вядомым прыхільнікам Джаз-Кактэбеля і Кактэбеля - краю каньякоў, каб даведацца, чаму і за што гэтыя людзі так моцна любяць і горад і сам фестываль. Нашы суразмоўцы назвалі нам 15 спакуслівых прычын, па якіх варта паехаць на фестываль Джаз-Кактэбель 2010. Стваральнік радыё “Говорящие помидоры”, бескампрамісны мінскі аўтастопшчык, тусоўшчык Папа Памідор, кажа, што за шэсць гадоў тусовак у Кактэбелі яшчэ ні разу не стаміўся і нічога яму не надакучыла:

“У Кактэбель варта ехаць хаця б дзеля добрай музыкі! Але гэта не адзіны рэзон. Неверагоднае спалучэнне музыкі, мора, гор, сонца і шыкоўная публіка – вось, што чакае вас там. Публіка — гэта асобная гаворка. Там усе любяць адзін аднаго, і гэта праўда! Любоўныя прыгоды адбываюцца там няспынна!

Праўда, ёсць там і свае мінусы. На жаль, ужо не першы год абяцаюць арганізаваць фестывальны намётавы гарадок для вандроўнікаў “дзікаром”, але гарадок так і не з’яўляецца. Гэта напружвае, бо незразумела, дзе ставіць намёты, а сам Кактэбель хутка абрастае новымі будынкамі і дзікіх месцаў робіцца ўсё менш.

Чалавека там не проста напаўняе светам, яго там літаральна разрывае як хамячка на малюсенькія кавалачкі ад таго шчасця, якое з ім адбываецца ў Кактэбелі”.

Чалавек, якога лічаць культавым музыкай і мастаком Кактэбеля - Ігар Ляхаў, кажа, што ў Кактэбель варта ехаць і па-за межамі фэсту:

У верасні гэтага года чакаецца неверагоднай прыгажосці баб’е лета. Кактэбель — увогуле чароўнае месца не толькі з-за сваёй прыроды, але і з-за невядомай сілы, якая прыцягвае сюды творчую інтэлігенцыю. Да таго ж, фестываль!

Таксама тут адчуваецца старажытнасць. У нас ёсць рака Стыкс і гара Кара-Даг, дзе знаходзіцца уваход у іншасвет, як пісаў Валошын. Безумоўна, у Кактэбелі ёсць нешта вялікае, нешта, што вісіць у небе. Гэта праўда”.

Адзін з арганізатараў фестывалю, Андрэй Слабінскі, ведае лепш за астатніх усе сакрэты музычнага Кактэбелю, і з задавальненнем расказаў нам, чаго чакаць на фэсце ў гэтым верасні:

“Дзве сцэны з выдатнымі музычнымі праграмамі! Адна называецца “Валошынская” і прадстаўляе сучасны джаз і імправізацыйную музыку, лепшыя еўрапейскія, беларускія, расійскія і ўкраінскія гурты.

А галоўная сцэна называецца “Ню-джаз”, бо знаходзіцца на нудысцкім пляжы. Так што, не здзіўляйцеся, калі па-сусесдстве заўважыце нудыстаў. Гэта сцэна, каля якой збіраецца да 10.000 чалавек, канцэрты праходзяць увечары, уначы. Гэта месца сустрэчы цудоўных людзей.

Сёлета мы арганізавалі дасуг на любыя густы. Ёсць бары для прыхільнікаў алкаголю, ёсць асобныя месцы “творчасці”, так званыя “арт-атэлье” для прыхільнікаў курэння. Не курцоў туды пускаць не будуць. У гэтай зоне будзе маса цікавых актыўнасцей.

А для тых, хто не курыць і не п’е, ёсць спецыяльная тэрыторыя “усвядомленага жыцця”, дзе таксама будзе шмат цікавостак.

Міліцыі, дарэчы, у Кактэбелі, паўтары чалавекі. Так што, фестываль Джаз-Кактэбель —гэта тэрыторыя свабоды. Усе людзі паводзяць сабе культурна без пільнага нагляду “вялікага брата”.

Афіцыйная старонка сайту - www.jazz.koktebel.info