10 ліпеня вырашыцца лёс намётавага мястэчка ў цэнтры Варшавы

Ужо амаль тры тыдні жывуць у намётах перад канцылярыяй прэм’ера Яраслава Качынскага польскія медсёстры.  Нагадаем, такім чынам яны спрабуюць дамагчыся 30%-ага павышэння заробкаў, якія складаюць у сярэднім 300 долараў. Тым часам праўрадавы ваявода Яцэк Сасін спрачаецца з прэзідэнтам Варшавы ад апазіцыі Ганнай Гранкевіч-Вальц аб законнасці Мястэчка.

Прэзідэнт адмаўляецца гвалтам ліквідоўваць намёты. Да медсясцёр далучаюцца шахцёры, чыгуначнікі і маракі з прафсаюзаў. Адначасова ў краіне страйкуе медперсанал прыкладна 200 лякарняў. У 16 з іх дактары абвясцілі галадоўку. Ёсць звесткі, што медсёстры могуць дамовіцца з урадам, каб сродкі на павышэнне выдаткавала Дзяржаўная Фундацыя аховы здароўя.

Прэм’ер пагаджаецца, але патрабуе, каб дамову падпісалі ўсе пратэстуючыя прафсаюзы, і каб сёстры пакінулі канцылярыю ў спакоі. Чакаецца, што вырашальныя перамовы пройдуць 10 ліпеня.

Паводле Gazeta Wyborcza