Знайшоўся адзін з трох зніклых без вестак беларусаў, якія ваявалі на баку Расіі

Салдат, ілюстрацыйнае фота

Салдат, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Знайшоўся грамадзянін Беларусі Ігар Хасанаў, які ваяваў па кантракце ў расійскай арміі супраць Украіны. Мужчына прапаў без вестак сёлета ў студзені. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі ў Луганскай вобласці, якую акупавала Расія, перадае Радыё Свабода.

Яго грамадзянская жонка Варвара Андрэева сказала праекту "Не жди меня из Украины", што Хасанаў знайшоўся праз паўтара тыдня пасля пачатку яго пошукаў. "У яго аскепкавае раненне сярэдняй цяжкасці. Лекары кажуць, што ўсё добра, усё загойваецца. Але насамрэч гэта не так", — заявіла жанчына.

Яна падкрэсліла, што кантракт на службу ў расійскім войску мужчына змог падпісаць толькі з другога разу: спярша яму адмовілі праз стан здароўя. Андрэева расказала, што ваенкамат не меў права падпісваць кантракт, бо гэта парушала закон. "Цяпер мой муж знаходзіцца ў шпіталі з аскепкавым раненнем, медыцынскага дагляду за ім практычна няма. Тэмпература высокая, рана не загойваецца, адзін аскепак дасталі, а другі ўсё яшчэ знаходзіцца ў ім", — падзялілася яна падрабязнасцямі.

Жанчына кажа, што Хасанаву адмовілі ў адпачынку, пра які ён прасіў у рапарце. Дактары абяцаюць адправіць яго на перадавую адразу пасля шпіталя. Жанчына шукае дапамогу, каб атрымаць новае медыцынскае заключэнне, вярнуць мужа на тэрыторыю Расіі для лячэння і рэабілітацыі.

Учора стала вядома пра яшчэ двух беларусаў, якія зніклі без вестак і таксама служылі па кантракце ў палявых фармаваньнях вайсковай часці 02511. Расійскія вайскоўцы з гэтай часці ваююць ва Украіне ад пачатку ўварвання ў Данецкую вобласць у 2014 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.