Журналіст Сцяпан Чырыч знаходзіцца ў Днепрапятроўску пад хатнім арыштам

26 красавіка ў Днепрапятроўску адбылося пасяджэнне суда, на якім разглядалася пытанне аб меры стрымання для беларускага грамадзяніна. Як паведамляе БелаПАН, на судзе прысутнічалі прадстаўнікі беларускай амбасады ў Кіеве. Суд прыняў рашэнне вызваліць яго з-пад варты і перавесці Чырыча пад хатні арышт. Па звестках беларускіх дыпламатаў, цяпер Чырыч пражывае на арандаванай кватэры ў Днепрапятроўску, у яго няма ніякіх абмежаванняў на кантакты з знешнім светам.



Нагадаем, што затрыманы грамадзянін Беларусі Сцяпан Чырыч працуе прадзюсарам ў расійскай Першай прадзюсерскай кампаніі. Яна робіць праграму "Цэнтральнае тэлебачанне з Вадзімам Такмянёвым" для НТВ.



Служба бяспекі Украіны, якая затрымала двух чалавек з журналісцкімі пасведчаннямі, сцвярджае, што падчас здымак яны выкарыстоўвалі тэхнічную прыладу, закамуфляваную пад акуляры з умантаванай відэакамерай. Па словах украінскіх спецслужбаў, гэтая прылада мае прыкметы спецыяльных тэхнічных сродкаў сакрэтнага атрымання інфармацыі.



Украінскія сілавікі кажуць, што на зробленых журналістамі фотаздымках — райаддзелы міліцыі, мясцовыя адміністрацыйныя будынкі і ваенныя аб'екты на ўсходняй мяжы Днепрапятроўскай вобласці.