Запрашэнне апазіцыянераў Міхалевіча і Раманчука ў ток-шоў "Выбар" скасавалі

Былыя кандыдаты ў дэпутаты ад АДС Алесь Міхалевіч і Яраслаў Раманчук не з'явяцца сёння ў прамым эфіры тэлеканала ОНТ. Учорашнія запрашэнні "ветліва" адмененыя. Сенсацыя не адбылася. Вось што распавёў у інтэрв'ю Еўрарадыё Яраслаў Раманчук:

"Затэлефанавала адтуль прадстаўніца і сказала, што мая кандыдатура праходзіць узгадненне з кіраўніцтвам і калі яна не затэлефануе, гэта азначае, што мяне ў праграме не будзе. Гэта такая ветлівая адмова".

Падобнае тэлефанаванне з ток-шоў "Выбар" сёння атрымаў і Алесь Міхалевіч. Паводле яго словаў супрацоўніца прынесла прабачэнні і зазначыла, што "не ўсё ад іх залежыць". Палітык упэўнены, што так яно і ёсць:

"Я ўпэўнены, што гэта звязана з тым, што мая кандыдатура адбіралася яшчэ ў тыя часы, калі ОНТэшнікі спадзяваліся ці думалі, што я прайду ў парламент. А цяпер, калі відавочна, што Лукашэнка абсалютна не збіраецца граць у нейкую лібералізацыю, не збіраецца граць у апазіцыю ў парламенце, вырашылі таксама адкатаць назад. І зрабіць так, каб нейкія крамольныя думкі не гучалі з іх экрана, тым больш у прамым эфіры".