Заіка: У пытанні дэвальвацыі кіраўніку краіны верыць нельга

Ніводзін прэзідэнт ці міністр не скажа, што ў краіне чакаецца дэвальвацыя, бо гэта можа прывесці да абвалу ўсёй банкаўска-фінансавай сістэмы. Так эканаміст Леанід Заіка пракаментаваў у гутарцы з Еўрарадыё сённяшнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі, што ў Беларусі не будзе дэвальвацыі.
Эканаміст лічыць, што дэвальвацыя беларускага рубля адбудзецца непазбежна.

Заіка: “У нас сёлета ідзе дысбаланс у знешнім гандлі на 600-800 млн долараў кожны месяц. Маецца на ўвазе – мільёнаў долараў кожны месяц! Мы не можам закрываць валютную пазіцыю прытокам капіталу замежнага – яго няма. У нас не змянілася сальда гандлёвага балансу з выкарыстаннем новых сродкаў эканамічнай палітыкі ці актыўнага экспарту. Таму зусім зразумела, што пры такім дэфіцыце гандлёвага балансу нават студэнт другога курса скажа, што з часам трэба будзе дэвальваваць нацыянальную грашовую адзінку”.

Але эканаміст падкрэслівае, што раптоўнай дэвальвацыя ня будзе. Па словах Заікі, хутчэй за ўсё пасля пераабрання Лукашэнкі прэзідэнтам, беларусаў чакае ступенчатая дэвальвацыя.