Забойства Дар'і Дугінай або замах на Аляксандра Дугіна: што вядома цяпер
Тое, што засталося ад машыны Дар'і Дугінай / Известия
20 жніўня ўвечары ў Падмаскоўі падарваўся пазадарожнік дачкі расійскага філосафа, ідэолага "русского мира" Аляксандра Дугіна Дар'і. 29-гадовая дзяўчына загінула на месцы.
Устаноўлена, што ў аўтамабіль заклалі самаробнае выбуховае прыстасаванне. Яно знаходзілася пад днішчам з боку кіроўцы. Расійскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах пішуць, што выбухоўку прывялі ў дзеянне дыстанцыйна. Забойцы "вялі" аўтамабіль па трасе — а значыць, бачылі, хто ў ім знаходзіцца.
У ФСБ Расіі заявілі, што забойства Дар'і Дугінай падрыхтавалі ўкраінскія спецслужбы. "Выканаўцай ёсць грамадзянка Украіны Воўк Наталля Паўлаўна, 1979 года нараджэння, якая прыбыла ў Расію 23 ліпеня 2022 года разам з дачкой Шабан Сафіяй Міхайлаўнай, 2010 года нараджэння", — заяўляюць у ведамстве. І дадаюць, што пасля забойства Воўк разам з дачкой выехала ў Эстонію праз Пскоўскую вобласць.
Аднак ёсць усе падставы сумнявацца ў гэтай "палітычнай" версіі, якая задавальняе ў Расіі ўсіх — у тым ліку і саму ФСБ. Еўрарадыё сабрала ўсё, што на цяперашні момант вядома пра выбух на Мажайскай шашы.
Храналогія падзей
20 жніўня Аляксандр Дугін з дачкой прыехалі на фестываль "Традиция". Там палітолаг выступаў з лекцыяй. Былы галоўны рэдактар "Эхо Москвы" Аляксей Венядзіктаў піша, што падарваны аўтамабіль належаў менавіта Дар'і Дугінай, а Аляксандр Дугін прыехаў на "Традицию" на іншым аўтамабілі.
У часе фестывалю пазадарожнік Дугінай колькі часу знаходзіўся на стаянцы, дзе былі адключаны камеры відэаназірання.
На Мажайскай шашы пад Масквой машына Дугінай падарвалася. Пасля выбуху яна ўехала ў агароджу трасы. Абломкі аўто разляцеліся па ўсёй дарозе. Дугін неўзабаве апынуўся на месцы здарэння. Мабыць, ён ехаў у другой машыне следам за дачкой.
Версіі: ад замаху на яго да замаху на яе
Палітолагі і сябры сям'і Дугіных вылучаюць некалькі версій, чаму выбухоўка апынулася менавіта ў гэтым аўтамабілі. Асноўная — замах на самога Аляксандра Дугіна. Нібыта ён павінен быў ехаць з фестывалю на пазадарожніку Дар'і, аднак у апошні момант перадумаў і не сеў у машыну.
Зрэшты, замахвацца маглі і на саму Дар'ю Дугіну. Яна была палітычнай актывісткай і палітолагам, актыўна падтрымлівала вайну ва Украіне. Яна пісала матэрыялы для расійскіх прапагандысцкіх RT і "Царьграда". Акрамя таго, яна — суаўтарка "Книги Z" пра расійскае ўварванне ва Украіну.
Пракрамлёўскія прапагандысты абвінавачваюць у забойстве ўкраінцаў. Галоўная рэдактарка тэлеканала RT Маргарыта Сіманьян зладзіла істэрыку ў сацсетках, патрабуючы ўдару па "цэнтрах прыняцця рашэнняў" у Кіеве.
"Ім трэба напярэдадні 24 жніўня — Дня незалежнасці — нейкую "перемогу" зладзіць. Наступ рабіць не могуць, арганізуюць серыю тэрактаў", — выказаў здагадку расійскі палітолаг Сяргей Маркаў.
Аднак дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк абвяргае гэта. Ён падкрэслівае, што Украіна не мае дачынення да забойства Дугінай: "Мы не крымінальная дзяржава, як РФ, а тым больш не тэрарыстычная дзяржава". Падаляк дадаў, што расіяне нагнятаюць абстаноўку, каб апраўдаць пачатак мабілізацыі.
Яшчэ адна магчымая прычына замаху на Дугіна, паводле версіі Маркава (калі гэта ўсё ж быў замах на Дугіна), — еўразіец неаднаразова выказваўся ў падтрымку ўладаў Турцыі і Азербайджана. Гэта магло справакаваць на замах армянскіх радыкалаў.
Сябар Сяргей Аляксандраў расказаў расійскім СМІ, што апошнім часам Дар'і паступалі пагрозы: "Асноўныя яе ворагі — прадстаўнікі ліберальнага лобі антырасійскага. І заходняга, еўрапейскага. Там досыць шмат народу было".
Яшчэ адна версія забойства — перадзел сфер уплыву ў Расіі. Палітычныя групоўкі ваююць паміж сабой, спрабуючы бліжэй падабрацца да Уладзіміра Пуціна. Забойства дачкі можа быць сігналам для Аляксандра Дугіна, якога за яго ўплыў з’едліва называюць "Распуціным Пуціна".