З 1 сакавіка беларускія турысты ізноў паедуць адпачываць у Егіпет

Беларускія турысты ўжо 1 сакавіка змогуць паехаць на адпачынак у Егіпет. Як стала вядома Еўрарадыё, адно з мінскіх агенцтваў узнавіла продаж тураў у гэтую афрыканскую краіну.


Праўда, ляцець у Егіпет пакуль давядзецца праз Маскву. Тур з вылетам з Мінска можна замовіць толькі на 15 сакавіка, распавёў супрацоўнік турагенцтва Аляксей Смышляеў.


Аляксей Смышляеў: “Калі сёння турысты пажадаюць паехаць з Мінска ў Егіпет, дык чартэрная праграма адноўленая. За сёння ўжо звярнуліся 2-3 чалавекі. З Масквы вылеты пачынаюцца з 1-га сакавіка. З Мінска — вылеты з 15-га. Агулам ў Егіпет ўжо сабраліся ехаць 15 чалавек”.

 
Цікава, але перамога рэвалюцыі ў Егіпце на кошты тураў не паўплывала, кажа Смышляеў.

Ізноў працаваць з Егіптам пакуль гатовыя не ўсе аператары. Але магчымасць аднаўлення падарожжаў разглядаецца, паведаміў намеснік дырэктара кампаніі “ Tez Tour” Аляксей Базылеў.


Аляксей Базылеў: “На сёння мы назіраем, што ўзнавіліся продажы тураў у Літве, Латвіі і краінах Заходняй Еўропы. У Расіі, Беларусі і Украіне ідзе разгляд магчымасці ўзнаўлення тураў. У бліжэйшы час можа быць прынятае рашэнне аб аднаўленні рэйсаў”.

 
Рашэнне тураператары прымаюць разам з авіякампаніяй. Але ў “Белавіі” пра тое, калі ж адновяцца рэйсы ў Егіпет, нічога пэўнага не паведамляюць. Маўляў, рашэнне яшчэ не прынятае. Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік гендырэктара кампаніі Ігар Чаргінец.


Ігар Чаргінец: “Гэта залежыць ад тураператараў. Заявак пакуль няма. Але яны разглядаюць такую магчымасць на фоне станоўчай інфармацыі, якая прыходзіць з Украіны, Расіі, Германіі, дзе гэты рэйсы ўзнаўляюцца ў бліжэйшы час”.

 
Чэхія ўзнаўляе паветранае спалучэнне з Егіптам 19 лютага, Украіна — 27-га. Дарэчы, трохтыднёвая рэвалюцыя ў Егпіце ўдарыла па прыбытках “Белавіі”. З-за пратэстаў ў Каіры і Александрыі авіякампанія недазарабіла значныя сродкі, кажа сп. Чаргінец. Дакладная сума стратаў пакуль не падлічаная.


Нагадаем, з 25 студзеня па 11 лютага у Егіпце праходзілі вулічныя пратэсты з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта Хосні Мубарака. Праз гэта туры ў Егіпет былі часова прыпыненыя.

Фота: uv-travel-com.na.by