Юрась Губарэвіч лічыць, што выключэнні з Партыі БНФ могуць працягнуцца

Выключэнне з Партыі БНФ намесніка старшыні Алеся Міхалевіча, які на апошнім з'ездзе змагаўся за пасаду кіраўніка, можа быць не апошнім. Такое меркаванне ў інтэрв'ю Еўрарадыё выказаў намеснік старшыні гэтай партыі Юрась Губарэвіч:

"Відавочна, што праблема не толькі ў асобе Алеся Міхалевіча. Праблема - у рознасці пазіцыяў, падыходаў да дзейнасці ўнутры партыі. Тую пазіцыю, на якой стаяў Алесь Міхалевіч, падтрымлівае вельмі вялікая колькасць партыйных актывістаў. Цалкам магчыма, што рэпрэсіі супраць гэтых людзей не спыняцца, і мы можам чакаць далейшых выключэнняў".

Нагадаем, Міхалевіч быў выключаны на пасяджэнні Сойму Партыі БНФ "за невыкананне рашэнняў Сойма" ды за "падрыў прэстыжу Фронту". Абурэнне некаторых кіраўнікоў Партыі БНФ выклікалі яго інтэрв'ю ў СМІ, у якіх Міхалевіч разважаў пра сітуацыю ў партыйным кіраўніцтве.

Юрась Губарэвіч кажа, што рашэнне пра выключэнне Міхалевіча - "юрыдычна незаконнае". Іншы намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч так не лічыць. Ён кажа, што Алесь Міхалевіч можа вярнуцца, а рэпрэсіяў супраць яго сяброў ці нейкага расколу Фронту чакаць не варта.

Віктар Івашкевіч: "Паводле статута ёсць магчымасць Міхалевічу і аднавіцца ў Фронце. І дзейнасць яго сяброў у Фронце ніякім чынам не забараняецца ў плане рэалізацыі рашэння Сойма і з'езда БНФ".