ЮНЭСКА раздасць па тысячы долараў на моладзевыя праекты

Сярод іх ― інтэрнэт-радыё, падрыхтоўка валанцёраў для дзіцячых дамоў, а таксама антыстрэсавыя трэнінгі для абітурыентаў. 25 жніўня Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА завяршыла свой традыцыйны Летні лагер моладзевых магчымасцяў. Разам з партнёрамі арганізацыя выбірала некалькі сацыяльных і культурніцкіх праектаў. Бюджэт кожнага складае тысячу долараў і павінен вырашаць пэўную праблему моладзі.

Сярод праектаў-пераможцаў ― інтэрнет-радыё для маладых журналiстаў, антыстрэсавыя трэнінгі для абітурыентаў, падрыхтоўка валанцёраў для дзiцячых дамоў, навучальныя праграмы для асабiстага развiцця, а таксама блог пра абрады нацыянальных меншасцяў Беларусi.

Праекты прафінансуе Прадстаўніцтва Дзіцячага Фонду ААН у Беларусі сумесна з “МТБанк” і мабільным аператарам life:).

“Ухваленыя праекты стануць часткай Міжнароднага года моладзі. Мы ўнясем іх у каляндар ААН" ― распавёў Еўрарадыё праграмны каардынатар Летняга ўніверсітэта Віталь Нікановіч.

15-ы Летні універсітэт клубаў ЮНЭСКА праходзіў з 9 жніўня ў дзіцячым лагеры “Палачанка” Валожынскага раёна. Адной з навацыяў нефармальнага летніка была Біржа моладзевых ідэй. Удзельнікі лагера прыдумлялі нестандартныя спосабы вырашэння праблем моладзі свайго горада.

Свой нефармальны летнік арганізатары называюць “лагерам моладзевых магчымасцяў”. На шматлікіх трэнінгах маладзёнаў вучылі “жыццёвым навыкам”.

“Асабліва гэта тычыцца фармальнага сектара, што не заўжды там можна атрымаць практычныя ўменні. Тое, што пасля навучання, можна выкарыстоўваць у жыцці. Напрыклад, уменне эфектыўна камунікаваць, вырашаць канфлікты, усталёўваць сяброўскія адносіны, весці перамовы”, ― тлумачыць Віталь Нікановіч.

Каб патрэніраваць гэтыя навыкі, арганізатары штогод абіраюць пэўную мадэль самакіравання і паводле яе арганізуюць працу ўсяго летніка. 15-ы лагер мадэляваў міжнародную арганізацыю “Еўрапейская федэрацыя клубаў ЮНЭСКА”.

“Удзельнікаў мы аб’ядналі ў асацыяцыі. У кожнай асацыяцыі было пяць накірункаў дзейнасці. Былі выбраны мэнэджары і іх памочнікі па адукацыі, па культуры, спорце, інфармацыі і экалогіі. І арганізатары разам з моладдзю самі планавалі, рэалізоўвалі і ацэньвалі тыя мерапрыемствы, які я ў нас праводзіліся”, ― адзначыў Віталь Нікановіч.