Як святкуюць 20-годдзе падзення Берлінскай сцяны: рэпартаж з месца падзеяў

У Нямеччыне працягваюцца ўрачыстасці, прысвечаныя 20-годдзю падзення Берлінскай сцяны. Карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Панямонаў перадае з месца падзеяў. Паўгадзіны таму ён прысутнічаў на адной з цырымоній, прысвечанай зняццю кантрольна-прапускного пункта, які яднаў заходнюю і ўсходнюю частку Берліна:
“У цырымоніі бралі ўдзел канцлер Германіі Ангела Меркель, былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса і былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Яны вольнай хадой прайшліся па мосце, і зрабілі кароткія прамовы пра падзенне Берлінскай сцяны. Нягледзячы на вялікае свята і значнасць падзеі 9 лістапада для Нямеччыны, сёння ў краіне — працоўны дзень. Святочным жа выхадным днём з'яўляецца Дзень уз'яднання Нямеччыны 3 кастрычніка.

У гэты момант Ангела Меркель, Лех Валенса і Міхаіл Гарбачоў збіраюцца на вялікае ўрачыстае мерапрыемства да Брандэнбругскіх варот, якое пачнецца ў 7 гадзін вечара. На тым самым месцы, дзе калісьці была сцяна, паміж Брандэнбургскімі варотамі і Рэйхстагам стаіць сімвалічнае даміно, якое паваляць так, як 20 год таму павалілася Берлінская сцяна. Чакаецца, што на вечаровым святочным мерапрыемстве могуць узяць удзел больш за сто тысяч чалавек”.