Вызваленне палітвязняў не касуе санкцый супраць Беларусі - еўрачыноўнік

Датэрміновае вызваленне палітвязняў Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца не паўплывае на рашэнне выключыць Беларусь з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза.
Пра гэта 23 траўня заявіў падчас онлайн-канферэнцыі інтэрнэт-газеты «Белорусские новости» Жан-Эрык Хольцапфэль, каардынатар па сувязях прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Украіне і ў Беларусі.

«Механізм Генеральнай сістэмы прэферэнцый ніякім чынам не звязаны з палітычнымі зняволенымі. Ён звязаны з абаронай правоў чалавека і выкананнем правілаў Міжнароднай арганізацыі працы», адзначыў спадар Хольцапфэль.

Нагадаем, што рашэнне пра гэтыя санкцыі супраць Беларусі было прынятае ў снежні 2006 года з адтэрміноўкай уступлення ў сілу на шэсць месяцаў. Штогод нашая краіна будзе губляць 400 мільёнаў еўра.

БелаПАН