Вікторыя Азаранка прайграла ў фінале парнага разраду турніру ў Сан-Дыега

18-гадовая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка разам з расіянкай Ганнай Чакветадзэ дайшла да фіналу парнага разраду турніру "Acura Classic" у амерыканскім Сан-Дыега з прызавым фондам 1,34 млн. долараў. У паўфінале Азаранка і Чакветадзэ абыгралі другую "сеяную" пару Катарына Срэбатнік (Славенія)/Аі Сугіяма (Японія) – 6:2, 3:6, 10:6. Але ў вырашальным матчы саступілі першай пары турніру Кара Блэк (Зімбабве)/Лізэль Хубер (ЗША) – 5:7, 4:6.

У новым сусветным рэйтынгу, апублікаваным 6 жніўня, найлепшую пазіцыю сярод беларускіх тэнісістак – 42-ю – займае менавіта Вікторыя Азаранка. На мінулым тыдні яна яшчэ была 45-й.

"БелаПАН"