Ветэраны атакавалі офіс газеты “Народная Воля”

6 красавіка сталічныя ветэраны пікетавалі офіс рэдакцыі газеты “Народная Воля”. Акцыя прайшла пад пільным вокам камер дзяржаўных тэлеканалаў і спецслужбаў.
Цікава, што гэта была першая акцыя, санкцыянаваная Мінгарвыканкамам у непасрэднай блізіні ад Адміністрацыі прэзідэнта.

Каля 30 Удзельнікаў пікету трымалі ў руках транспаранты “Далоў паклёп”, “Ганьба фальсіфікатарам гісторыі”, “Сярэдзіч! Не дазволім знішчаць ветэранаў” і інш. Як патлумачыла Еўрарадыё шэф-рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна, пікетоўцаў абурыла публікацыя газетай успамінаў Ільі Копыла пра Другую сусветную вайну.

Святлана Калінкіна: “Газета “Народная Воля” надрукавала ўспаміны пра вайну – кнігу “Нябышына. Вайна” Ільі Копыла, якія не адпавядаюць афіцыйнай цэнзуры. Гэта ўспаміны пра крыху іншую вайну – успаміны падлетка, які памятае партызанаў не толькі вызваліцелямі, але ў тым ліку і людзьмі, якіх беларускія вёскі баяліся”.

Аднак, на думку Калінкінай, акцыя ветэранаў насамрэч мела зусім іншую мэту. Журналістка ўпэўненая, што пікет варта разглядаць як працяг кампаніі па ўціску незалежных СМІ ў краіне.

Святлана Калінкіна: “Ветэраны ўзбудзіліся, але насамрэч яны ўзбудзіліся на пустым месцы. Мы сыходзім з таго, што насамрэч няма правільных альбо няправільных успамінаў пра тыя падзеі. Нейкае ўяўленне пра рэальныя падзеі можа скласціся толькі тады, калі мы бачым розныя праўды. Усё, што зараз адбываецца адносна незалежных СМІ, я звязваю, вядома, з палітычнай кампаніяй і прэзідэнцкімі выбарамі. Аніводная палітычная кампанія ў Беларусі не адбывалася без націску на СМІ. Папросту зараз улада спрабуе гэта зрабіць не сваімі рукамі, а чужымі – у дадзеным выпадку рукамі ветэранаў”.

Дарэчы, ветэраны абураліся, што да іх не выйшаў галоўны рэдактар газеты. Яны паспрабавалі разам з дзяржаўнымі журналістамі знайсці яго самастойна ў рэдакцыі “Народнай Волі". Але, як сведчыць Святлана Калінкіна, пікетоўцы нават не патэлефанавалі загадзя і не папярэдзілі пра сваю акцыю.


Фота: "Народная Воля"