Ветэран: Навошта мне той інтэрнэт! Ды і які ветэран туды пойдзе?!

Новую атаку на сайт “Беларускі партызан” распачалі днямі ветэраны Вялікай айчыннай. На іх думку, заснавальнікі сайта неправамерна выкарысталі ў назве святыя для ўсіх удзельнікаў вайны словы — згадку пра салдат беларускіх лясоў. Але найбольш ветэранаў крыўдзіць тое, што на сайце з такой назвай друкуюцца артыкулы, якія абражаюць былых партызанаў і носяць “антыбеларускі” характар.

Адным з самых актыўных змагароў з незалежным інтэрнэт-СМІ стаў старшыня Мінскага абласнога савета ветэранаў Аляксандр Слабада. Еўрарадыё пацікавілася ў былога ветэрана, ці часта ён наведвае сайт “Беларускі партызан”.

Аляксандр Слабада: “Выпадкова неяк злавіў. Я ж яго кожны дзень не гляджу”.

Вось толькі якім чынам ветэрану пашчасціла патрапіць на гэты сайт, ён так і не здолеў патлумачыць. Бо, як сам прызнаўся, з камп’ютарам ён не сябруе.

Аляксандр Слабада: “Камп’ютара няма ў мяне — разумееце, у чым справа! І на службе няма, і дома няма — вось у чым справа!”

Больш за тое, “блукаць па сусветным павуцінні” ні ў самога старшыні ветэранскай арганізацыі, ні ва ўсіх астатніх ветэранаў, паводле яго ж словаў, няма ні жадання, ні патрэбы, ні магчымасцяў.

Аляксандр Слабада: “Навошта мне інтэрнэт той! Ды і які ветэран туды пойдзе?! Ён ужо ледзь ходзіць, ён з ложка не ўстае. І самаму маладому ветэрану за 80 гадоў. Ды ён і не разбярэцца (у інтэрнэце — аўт.), скажа: “Ды Бог з вамі! Гаварыце там, што хочаце!”

У той жа час ён працягвае даказваць, што выступіць у прэсе іх прымусілі патрабаванні сябраў ветэранскай арганізацыі, абражаных выкарыстаннем апазіцыйным сайтам святых для ўсіх партызанаў словаў. І адмаўляе саму верагоднасць таго, што за іх спінай нехта стаіць.

Аляксандр Слабада: “Ніхто не нацкоўваў, а проста мы выказалі сваё меркаванне. І навошта КДБістам гэты сайт?! У іх больш складаныя ёсць пытанні, якімі неабходна займацца”.

У адрозненне ад свайго калегі старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Новікаў больш прасунуты: і камп’ютар мае, і ў інтэрнэт ходзіць. І сайт “Беларускі партызан” наведвае перыядычна.

Анатоль Новікаў: “Так, зрэдку праглядаю, інтэрнэт у мяне ёсць”.

І ён таксама выступіў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі супраць гэтага сайта па патрабаванні сябраў арганізацыі — ветэранаў вайны. Іх, нібыта, абражае змест рэсурсу.

Анатоль Новікаў: “Калі сайт называецца “Партызан”, а па сутнасці — антыпартызанскай тэматыкі, то выбачайце — нельга ж так рабіць!”

Але калі Еўрарадыё пацікавілася ў старшыні беларускіх ветэранаў, якія канкрэтна “антыпартызанскія” артыкулы ён чытаў на сайце, то нечакана высветлілася, што назваць іх ён не здольны. І апынулася, што абражае ветэранаў зусім іншае.

Анатоль Новікаў: “Навошта браць у назву “партызан”, калі ў прынцыпе ў іх тэматыка не ваенная? Яны пра ўсё, але не… Пры чым тут “партызан” у назве?!”

Згодна са словамі ветэранаў, падаваць на сайт у суд яны не плануюць. Як і не дамагаюцца закрыцця старонкі. А толькі патрабуюць змены назвы. На якую — справа гаспадароў “Белпартызана”. А калі Еўрарадыё пацікавілася ў Анатоля Новікава, ці ёсць яшчэ інтэрнэт-рэсурсы, якія назвай альбо зместам выклікаюць незадаволенасць ветэранаў, той каротка адказаў: “Трэба яшчэ раз іх прагледзець і прааналізаваць”.

Чытайце таксама:

Ветэраны паскардзіліся на адзіны сайт, які яны праглядаюць