Усе бактэрыі ў аўтобусах пабіла спёка?

У Італіі ўвялі аднаразовыя пальчаткі для пасажыраў, а беларускія аўтапаркі змагаюцца з інфекцыямі вядром ды анучай.
Баішся “падхапіць” заразу ў транспарце — надзень аднаразовую пальчатку і можаш смела трымацца за поручні. Такі спосаб барацьбы з бактэрыямі выдумалі ў паўночным італьянскім горадзе Брэсція. На аднаразовых пальчатках надрукавалі рэкламу, таму само новаўвядзенне цалкам акупілася. 

Еўрарадыё вырашыла праверыць, як з брудам ды паразітамі ў транспарце змагаюцца ў Беларусі. Пальчатак для сталічных пасажыраў чакаць, вядома, не варта. Але начальнік ўпраўлення перавозак Мінсктранса Сяргей Ясінскі ўпэўніў Еўрарадыё, што ўсе гарадскія аўтобусы мыюць кожны дзень, як звонку, так і ў сярэдзіне. А тое, што часам поручні падаюцца ліпкімі і бруднымі, то тут нічога не зробіш. 

Сяргей Ясінскі: “Круг праедзеце па маршруце і будзе не толькі такое ўражанне, а насамрэч яны будуць ліпкія. Гэта надвор’е. А пасля кожнага круга памыць немагчыма”.

Што летам, што зімой — графік прыборкі той самы. Кожны дзень з вадой ды шампунем, а раз на месяц — больш пільна і са спецыяльнымі сродкамі, распавёў Еўрарадыё галоўны інжынер Аўтапарка №6 Уладзімір Даноўскі.

Уладзімір Даноўскі: “Мыйшчыцы рухомага саставу павінны працерці сядзенні, падваконнікі гумавыя, шыбы хіба не, а вось поручні так. У іх ёсць анучы, мачалкі, мяцёлка часам патрэбна, розныя шампуні. Усё мы вырашаем, усё ў нас добра”. 

Паводле словаў Уладзіміра Даноўскага, дэзінфекцыю аўтобусаў праводзяць “па меры патрэбы”, але калі такая патрэба ўзнікае і як часта гэта правяраюць, у Аўтапарку №6 так і не адказалі. А вошы і аўтобус паняцці неспалучальныя, кажа галоўны інжынер.

Уладзімір Даноўскі: “Як у аўтобусе вошы? Вы што, адкуль яны там могуць? Вы мяне зразумейце, я такога ніколі не чуў. Вошы і ў аўтобусе! Першы раз чую.” 

А вось доктар-эпідэміёлаг мінскага Цэнтра дэзінфекцыі і стэрылізацыі Таісія Плюцінская папярэджвае, што падхапіць вошай у аўтобусе цалкам магчыма.

Таісія Плюцінская: “Вось калі бамжы садзяцца ў транспарт, то гэта ўсё вельмі рызыкоўна. Так увогуле плацяная вош, калі запаўзае на нейкую паверхню ці адзенне, то выжывае да 7 сутак. Галоўнае, каб перыядычна быў жорсткі кантроль з боку працаўнікоў РАУС, каб гэтыя асобы без месца жыхарства, бяздомныя людзі не карысталіся транспартам, тады будзе спакой”.

Згодна са словамі Таісіі Плюцінскай, аптымальная тэмпература для вошай гэта 20-28 градусаў. А пры +35 яны ўжо гінуць. Так што спёцы можна толькі падзякаваць — усе бактэрыі загінулі і без прыборкі, паведаміў Еўрарадыё намеснік галоўнага доктара сталічнага Санэпіду Віктар Чалноў.

Віктар Чалноў: “Ніякія бактэрыі ў такую спёку не выжывуць. Выпальвае ўсё”. 

Праўда, тэмпература паветра у Мінску і італьянскім горадзе Брэсціі ў бліжэйшыя некалькі дзён будзе тая ж — каля 30 градусаў. Аднак беларусам пазбегнуць ліпкіх поручняў не ўдасца.

Фота: novaya.com.ua