Украінцаў, што ссеклі на Палессі 3 гектары лесу, выганялі верталётам (фота)
І калі б своечасова не выгналі, лесарубы-нелегалы маглі б зарабіць на кантрабандзе беларускай драўніны больш за 20 тысяч долараў
Украінцы ссеклі амаль 3 гектары лесу на Століншчыне. Выганяць “чорных” лесарубаў памежнікам давялося верталётам пры дапамозе гукаўзмацняльнай апаратуры. Украінцы знішчылі каля тысячы хвояў, чым нанеслі значную шкоду. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэту Уладзімір Цішчанка.
Цішчанка: “Паводле папярэдніх разлікаў палескага лясгасу, каля 60 мільёнаў шкоды атрымліваецца. Таксама бачны варварскі сродак высечкі лесу. Такое адчуванне, што нават нахіляцца не хацелася: пні ў рост чалавека ці па пояс”.
Высечкай лесу займалася больш за 20 чалавек. На жаль, затрымаць парушальнікаў не атрымалася, працягвае Цішчанка.
Цішчанка: “Улічваючы, што нарадаў не было, а колькасць парушальнікаў была вялікая, давялося іх пры дапамозе верталёта выганяць. Выкарыстоўвалася гукаўзмацняльная апаратура, манёўры верталёта. Давялося іх выправадзіць, каб спыніць гэтую высечку”.
Дарэчы, высечка праводзілася на тэрыторыі Альманскіх балотаў, якія маюць статус заказніка. Такія выпадкі адбіваюцца ў тым ліку і на экалогіі, лічыць Уладзімір Цішчанка.
Жыхары памежнай тэрыторыі, у прыватнасці вёскі Познань, рэгулярна збіраюць на беларускай тэрыторыі грыбы, ягады. Прыходзяць нават цэлымі класамі ці школамі, кажа Уладзімір Цішчанка. Незаконная ж вычсека лесу пачалася ў студзені. Тады на тэрыторыі Беларусі высеклі 50 хвояў, а гэтым разам ужо тысячу, даводзіць кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта.
Пастаянны нагляд за тэрыторыяй, дзе сякуць лес, — праблема, бо з беларускага боку яна аточаная балотамі.
“Гэты ўчастак досыць складаны для аховы. З нашага боку там непраходныя балоты. Там ёсць памежны пост, але ён знаходзіцца убок ад месца высечкі, за 15 кіламетраў. Памежны пост Украіны знаходзіцца поруч з месцам высечкі. Таму з нашага боку ёсць пытанне: як такое стала магчыма?” — цікавіцца Уладзімір Цішчанка.
Украінскі бок, у сваю чаргу, затрымаў на сваёй мяжы тэхніку і чатыры чалавекі. Спілаванага лесу пры іх не было, распавёў прэс-афіцэр украінскай памежнай службы Андрэй Дзенчанка.
Дзенчанка: “18 лютага нашым нарадам каля мяжы быў затрыманы трактар і тры павозкі. Магчыма, збіраліся займацца высечкай. 24 лютага адбудзецца сустрэча нашых прадстаўнікоў з прадстаўнікамі Памежнага камітэта Беларусі. Будзе праводзіцца сумеснае рассследаванне”.
Аднак частку дрэваў нелегалы ўсё ж вывезлі, цвердзяць у беларускім памежным камітэце. Спілаваныя ж дрэвы, якія пакінулі ўкраінцы, пакуль нельга вывезці для апрацоўкі. Трэба чакаць сезону, бо цяпер багністая мясцовасць гэтага не дазваляе.
Паводле самых сціплых падлікаў, спілаванае дрэва каштуе ад 20 да 30 долараў. То бок, за тысячу дрэваў украінскія лесарубы-нелегалы маглі атрымаць больш за 20 тысяч долараў.



Фота: gpk.gov.by