Удзельніцы дзіцячага "Еўрабачання" ад Беларусі выступяць пад нумарам тры

Песня "Сэрца Беларусі" у выкананні Дашы Надзінай, Аліны Молаш і Карыны Жуковіч прагучыць на дзіцячым "Еўрабачанні-2008" пад нумарам тры.
Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт конкурсу, такі нумар дастаўся трыа па выніках лёсавання, якое завяршылася сёння ў Лімасоле. Лёсаванне праходзіла два дні. Па выніках першага дня стала вядома, што беларускі выйдуць на сцэну ў першай пяцёрцы.

Права адкрыць конкурс дасталася прадстаўніку Румыніі, а закрываць яго будуць гаспадары — Кіпр. Нагадаем, VI Міжнародны дзіцячы конкурс "Еўрабачанне-2008" пройдзе 22 лістапада ў кіпрыётскім горадзе Лімасол.