У Полацку тэрабарона адпрацоўвала дзейнасць падчас ваеннага становішча

Падчас вучэнняў тэрытарыяльнай абароны ў Полацку / pvestnik.by
У Полацкім раёне тэрытарыяльная абарона адпрацоўвала дзейнасць падчас ваеннага становішча. Гэта і ахова важных аб'ектаў, і абсталяванне, арганізацыя службы на кантрольна-прапускным пункце. Як піша "Полацкі веснік", прысутнічаў камандны склад тэрабароны з усёй Віцебскай вобласці.
Паводле сцэнару вучэнняў, на ўездзе ў Полацк "дыверсійна-разведвальная група" захоплівае КПП разам з "закладнікамі". Аднак у бой кінулі тэрабарону, якая акружыла і знішчыла ўмоўнага праціўніка.
Таксама адпрацоўвалася абарона чыгуначнага моста ад тых жа "дыверсантаў".
У іншых рэгіёнах Беларусі, асабліва на поўдні, тэрабаронай таксама адпрацоўваецца арганізацыя аховы "крытычна важнага аб'екта" і недапушчэнне прарыву "незаконнага ўзброенага фармавання".
Тэрытарыяльную абарону (а ў дадатак да яе і "народнае апалчэнне") у Беларусі пачалі ствараць на фоне вайны ва Украіне — з вясны 2022-га. У яе запісваюць толькі лаяльных да цяперашняй улады людзей. У ліпені іх трэніравалі вагнераўцы.






Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.